2 лютага, у свята Ахвяравання Пана і Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, у Гродне адзначылі 80-ы дзень нараджэння сястры Стэлы Ядкоўскaй CSFN, назарэтанкі.
Сястру Стэлу, якая нясе надзею тым, у каго яе няма, называюць “апосталам шпітaляў” горада над Нёманам.
Служэнне ў бальніцы яна пачала ў 1966 г., працуючы там медсястрой. Тады яна ўжо была манахіняй, але ў бальніцы пра гэта не ведалі.
Выконваючы свае абавязкі, яна не толькі клапацілася аб тым, каб даць пацыентам лекі, але і цікавілася іх духоўным жыццём. Калі нехта з іх хацеў прыняць сакрамэнты, яна прыводзіла ў бальніцу святара.
Манахіня цалкам прысвяціла жыццё хворым і пакутуючым. Яна не можа абыякава праходзіць каля тых, хто пакутуе, затрымліваецца ля кожнага шпітальнага ложка, найперш пытаючыся, ці не патрэбныя хворым святыя сакрамэнты.
Гэтае штодзённае служэнне прыносіць сястры радасць, а кожная сустрэча з хворым, які просіць аб споведзі, для яе вялікі дар Божай любові.
Таксама сястра Стэла дала пачатак стварэнню капліц у гродзенскіх бальніцах, хоць гэта было нялёгкай справай.
Акрамя таго, у цяжкія для Касцёла часы назарэтанка дапамагала сотням гродзенскіх вернікаў падрыхтавацца да сакрамэнтаў. У першую чаргу яна рыхтавала дзяцей і моладзь да прыняцця святой Камуніі.
Для Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта сястра Стэла – вялікі дар і ўзор для наследавання, асабліва ў яе штодзённым служэнні хворым і пакутуючым.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі