20 студзеня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій у межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў.
Дэвізам сёлетняга экуменічнага тыдня сталі словы з Евангелля паводле Лукі: “Любі Пана Бога твайго…, а бліжняга свайго, як самога сябе” (Лк 10, 27).
У малітве, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, удзельнічалі прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай Царквы, Праваслаўнай Царквы, Евангелічна-лютэранскай супольнасці, Царквы поўнага Евангелля “Жывое Слова”.
Праваслаўную Царкву прадставіў протаіерэй Аляксандр Хомбак, Грэка-Каталіцкую Царкву – настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот, Евангелічна-лютэранскyю супольнасць у Гродне – дыякан Уладзімір Лобач, Царквy поўнага Евангелля “Жывое Слова” – пастар Віктар Сцяпко.
У ходзе набажэнства прадстаўнікі канфесій звярнуліся з прамовамі да ўдзельнікаў.
Протаіерэй Аляксандр Хомбак, які прадстаўляў Праваслаўную Царкву, адзначыў: “Зрабі для чалавека столькі, колькі зможаш, але шчыра і ад душы, і выканаеш запаведзь любові”. Святар працытаваў словы праваслаўнага прапаведніка св. Тэафана Пустэльніка: “Любоў – гэта форменнае адзенне хрысціянаў, па якім іх трэба адрозніваць ад нехрысціянаў. Ніводнага генерала мы не пазнаем без формы. Гэтак жа і нас: калі хто не мае любові, таго ніхто не прызнае хрысціянінам – ні Бог, ні анёлы, ні святыя”.
Дыякан Уладзімір Лобач, прадстаўнік Евангелічна-лютэранскай супольнасці, сказаў: “Не можа быць адзінства хрысціянаў, калі няма адзінства з Богам і бліжнім. Бог патрабуе ад нас любові як сведчання нашай веры. Мы можам быць упэўнены ў нашай веры праз любоў. Той, хто любіць свайго бліжняга, – верыць у Бога. Не важна, якога мы веравызнання; калі мы называемся вучнямі Хрыста, то павінны памятаць Яго заклік: “Ідзі і рабі гэтак жа”. Мы павінны верыць да канца”.
Пастар Віктар Сцяпко з Царквы поўнага Евангелля “Жывое Слова” заўважыў, што Пан “спрасціў” шматлікія запаведзі да запаведзяў любові. “Уявіце, што ў краме, у школе, іншых публічных месцах вы сустракаецеся з любоўю”, – сказаў пастар. Таксама ён зачытаў фрагмент Паслання св. Апостала Паўла да Карынцянаў – гімн любові – і заклікаў “занесці любоў дадому”, дадаўшы, што адзінства будзе тады, калі людзі будуць практыкаваць яе.
Прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы, а. Андрэй Крот, звярнуў увагу на тое, што ў пэўным узросце чалавеку важна разумець, што ён чагосьці дасягнуў, і ведаць, што выканаць яшчэ, – у тым ліку як рэалізаваць любоў у адзінстве хрысціянаў. Святар прывёў прыклад: “Калі на вуліцы ляжыць чалавек, якому стала кепска, то мы не будзем пытацца, якога ён веравызнання – католік, праваслаўны ці, можа, баптыст, – мы яму дапаможам. Гэта і ёсць праява адзінства”.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў: “Кожны чалавек з’яўляецца для нас нашым бліжнім – аб чым нагадвае нам Езус у сёлетні Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які праходзіць зараз. З гэтага вынікае, што я павінен любіць кожнага чалавека, а асабліва таго, хто галодны, хворы, няшчасны, адкінуты асяроддзем. Я павінен яму дапамагчы! Не важна, колькі гэта каштуе, не важна, якую вялікую цану я павінен за гэта заплаціць, – я павінен яму дапамагчы, бо гэта чалавек у патрэбе. Аднак такая любоў да бліжняга сёння вельмі цяжкая. Мы павінны ёй вучыцца, каб, не зважаючы на адрозненні, маглі стаць адзін для аднаго бліжнімі, такімі, як самаранін у Евангеллі”.
У ходзе экуменічнага набажэнства адбыліся абрады святла. Пасля малітвы ўсе прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій запалілі свечкі ад пасхала. Пасхал з’яўляецца сімвалам Хрыста, і, запальваючы свечкі, мы падкрэсліваем что Ён наш Збаўца.
На заканчэнне малітоўнай сустрэчы біскуп Кашкевіч падзякаваў прысутным вернікам розных канфесій, якія разам са сваімі духоўнымі кіраўнікамі прыйшлі ў галоўную каталіцкую святыню Гродна.
“Для ўсіх нас гэта было нагодай задумацца над тым, як сёння прыкладаць сумесныя намаганні, каб хрысціянства было знакам духоўнага і маральнага адраджэння, сілай, якая супрацьстаіць граху і духоўнай абыякавасці, якія нішчаць сучасны свет”, – дадаў іерарх.
Традыцыйна Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў праходзіць ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня.
Матэрыялы для экуменічных малітваў сёлета былі падрыхтаваны экуменічнай супольнасцю з Буркіна-Фасо, якую каардынуе супольнасць Chemin Neuf, і зацверджаны Сусветнай радай Цэркваў і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі