На святы Божага Нараджэння арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў сваю родную парафію Унебаўзяцця Насвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад). На світанні ва ўрачыстасць Нараджэння Пана ён цэлебраваў там Эўхарыстыю.
Як адзначыў іерарх у гаміліі, імшальныя чытанні на Божае Нараджэнне падкрэсліваюць праўду, што бэтлеемскае Немаўлятка – доўгачаканы Месія.
“Як пастухі абвяшчалі нараджэнне Збаўцы, так і мы павінны чыніць у наш час, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бог не існуе”, – падкрэсліў арцыбіскуп. Для гэтага, дадаў ён, трэба “зарэзерваваць у нашых сэрцах месца Езусу”, “не паддавацца ўплывам секулярнага свету, у тым ліку тэндэнцыі самадастатковасці і маральнай паліткарэктнасці, што вядзе да крызісу чалавечых і духоўных каштоўнасцяў, зачыняе дзверы нашых сэрцаў перад Богам”.
Іерарх нагадаў словы Папы Францішка, што там, дзе занадта шмат эгаізму, вельмі мала Бога. Таксама арцыбіскуп адзначыў, што неабходна “адчыніць дзверы для Хрыста замест таго, каб адараваць сябе саміх”, і што нельга рабіць з Божага Нараджэння “свята без Хрыста”, бо святкаванне толькі дзеля святкавання не мае духоўнага сэнсу.
Па словах арцыбіскупа, трэба пастаянна адчуваць у сваім жыцці прысутнасць Езуса як Эмануэля – Бога з намі. Гэтага, дадаў ён, не хапае сучаснаму свету, дзе чалавек імкнецца да неабмежаванай свабоды без маральных нормаў, верыць у сябе, а не ў Бога, “імкнучыся быць боскім суперчалавекам, забываецца, што лёгка можа стаць д’ябальскім нечалавекам”.
“Нябачны вірус падчас нядаўняй пандэміі паставіў на калені ўвесь свет, так і нябачны грэх нясе з сабой шмат бедаў”, – сказаў арцыбіскуп. Ён дадаў, што свет перажывае эпоху “грахоўнай пандэміі”, пра што сведчаць крызіс сям’і і дару жыцця, маральны рэлятывізм, змена маральных нормаў і іншае. “Наша жыццё павінна мець этычнае вымярэнне. Вылечыць ад грахоўнай пандэміі можа Хрыстус, якога неабходна прыняць”, – адзначыў іерарх.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што са святаў Нараджэння Пана трэба выйсці “новымі, духоўна адроджанымі і ўмацаванымі праўдай Богаўцелаўлення, каб Божаю моцаю перамагаць зло і будаваць цывілізацыю жыцця, міру і любові”.
Пасля Імшы арцыбіскуп павіншаваў вернікаў, пажадаўшы ім радасных, поўных ласкі і супакою святаў Божага Нараджэння і шчаслівага новага года і сімвалічна падзяліўшыся з імі традыцыйнай аплаткай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі