24 снежня Імшу Пастэрку ў касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Эўхарыстыя пачалася спевам абвяшчэння Нараджэння Пана ў выкананні кс. Паўла Эйсманта. Затым арцыбіскуп урачыста перанёс фігурку Немаўляткі Езуса ў яслі, размешчаныя ў бакавым алтары.
У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на евангельскай праўдзе прыйсця Збаўцы ў свет у вобразе чалавека. Арцыбіскуп нагадаў, што без гэтага чалавецтва засталося б у грахоўным рабстве, што дзякуючы таямніцы Богаўцелаўлення ў чалавеку былі адноўлены вобраз і падабенства Бога, паводле якіх ён быў створаны, а чалавечая прырода была вернута ў першапачатковы стан, які мела да першароднага граху.
Іерарх дадаў, што Нараджэнне Хрыста абвясціла радасць абяцанага Богам вечнага жыцця, і “гэтай радасцю трэба жыць і дзяліцца з іншымі, інакш толькі сам успамін пра мінулае стане пустаслоўем”: “Езус не рэлікт мінулага, а Бог сучаснасці, які ідзе побач з намі, дапамагае і дае надзею, што асабліва важна ў наш час небяспечных выклікаў”.
“Гэтая надзея крыецца ў тым, што Езус змяняе сэрцы людзей з мэтай будаваць новую будучыню, заснаваную на сацыяльнай справядлівасці і ўзаемнай любові, – адзначыў арцыбіскуп. – Таму мы не можам паддавацца ідэалогіям, якія, выконваючы функцыі часовага і свецкага замяшчальніка рэлігіі, абяцаюць рай на зямлі, прапагандуюць амаральныя паводзіны, вядуць да крызісу сям’і і Божага дару жыцця, як вучыць Папа Францішак. На жаль, замест таго, каб жыць згодна з Божым законам, мы паддаёмся ўплывам ліберальных тэндэнцый сучаснасці, у выніку чаго адкідваем вучэнне Евангелля і забываемся аб нязменнасці боскай дактрыны, што вядзе да бездухоўнага гуманізму, які становіцца новай рэлігіяй. Таму не дзіўна, што ў сучасным крызісе веры і маральнасці многія не бачаць прыйсця Езуса, Яго прысутнасць становіцца для іх нязручнай”.
Іерарх падкрэсліў, што, каб не страціць у такой сітуацыі “духоўнага суверэнітэту” і застацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, неабходна будаваць жыццё на евангельскіх каштоўнасцях і памятаць, што “Евангелле не археалагічная знаходка ці музейны экспанат, а наш маральны компас”.
Па словах арцыбіскупа, да гэтага заклікае свята Божага Нараджэння, якое “павінна змяніць нашыя сэрцы праз нараджэнне ў іх Езуса Ягонай ласкай, як Уцелаўленне Сына Божага змяніла свет”. Іерарх заахвоціў “стаць сведкамі і вестунамі праўды Богаўцелаўлення, бо свету патрэбны Хрыстус і Яго вучэнне”.
У канцы Імшы арцыбіскуп пажадаў прысутным шматлікім вернікам радасных святаў, поўных Хрыстовага супакою і ласкі, а таксама шчаслівага, мірнага новага года, і сімвалічна падзяліўся з імі аплаткай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі