22 снежня кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Каралевы нашых сем’яў у Тракелях кс. канонік Юрый Бяганскі наведаў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Бастуны.
Ад работнікаў аддзялення адзінокія людзі атрымліваюць увагу і клопат, якога ім кожны дзень так не хапае. У час зімовых святаў пажылыя людзі і інваліды, якія знаходзяцца ў гэтым аддзяленні, чакаюць цуду, і падарыць ім радасць дапамагаюць клопат, увага, цеплыня рук, шчырасць сэрцаў.
Кусташ тракельскага санктуарыя ўдзяліў насельнікам аддзялення сакрамэнты пакаяння і намашчэння хворых. Такім чынам распачалася іх падрыхтоўка да калядных святаў.
Святар падзяліўся з усімі прысутнымі аплаткай. Гэта нагадала аб тым, што, ламаючы кавалачак “анёльскага хлеба”, мы дзелімся з бліжнімі любоўю, дабрынёй і добразычлівасцю.
Ксёндз Юрый падзякаваў персаналу аддзялення за апеку над пажылымі людзьмі і інвалідамі, якая дапамагае ім адчуць спакой і клопат аб іх.
“Няхай у вашых сэрцах заўсёды будзе месца для нованароджанага Езуса, які прыйшоў у свет, каб нас усіх збавіць. Добрых і шчаслівых вам святаў!” – пажадаў кусташ санктуарыя на заканчэнне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі