16 снежня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў Дом пілігрыма святой Марты. Абрад благаслаўлення стаў завяршэннем апошняга этапу рэканструкцыі пустуючага адміністратыўнага будынка.
Дом пілігрыма атрымалася адбудаваць за паўтара гады дзякуючы старанням і ініцыятыве кс. каноніка Юрыя Бяганскага – пробашча тракельскай парафіі і кусташа санктуарыя, фінансавай, фізічнай і малітоўнай падтрымцы шматлікіх людзей добрай волі.
Сустракаючы пастыра дыяцэзіі, парафіяне звярнуліся да яго з просьбай благаславіць Дом пілігрыма.
Кусташ санктуарыя выказаў падзяку біскупу, іншым святарам і вернікам, якія прыбылі на гэтую ўрачыстую падзею.
Біскуп узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, кс. Ян Сарэла прамовіў гамілію. Пасля заканчэння Эўхарыстыі прысутныя накіраваліся ў Дом пілігрыма, які знаходзіцца каля касцёла і гасцінна адчыніць свае дзверы ўсім, хто будзе наведваць Тракелі, каб ушанаваць Маці Божую ў Яе цудадзейным абразе.
Дом пілігрыма названы ў гонар святой Марты, якая клапацілася пра дабрабыт. Яна была сястрой Лазара і Марыі – сям’і з Бэтаніі, якую Езус любіў і часта наведваў. У Евангеллі паводле Лукі гаворыцца, што аднойчы, калі Марта займалася рознымі хатнімі справамі, служачы Хрысту, Марыя проста слухала Госця. Марта, хоць і далікатна, паскардзілася на гэта, а Езус адказаў ёй: “Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно”.
Дамы для пілігрымаў заўсёды ствараюць каля месцаў паломніцтваў, каля санктуарыяў, каб людзі маглі пераначаваць там і большы час пабыць з Богам.
У Доме пілігрыма святой Марты ёсць усё для жыцця, прадугледжаны ўсе выгоды, таму ў ім можна спыніцца і разам з дзецьмi.
У канцы мерапрыемства біскуп Кашкевіч з нагоды набліжэння святаў Божага Нараджэння падзяліўся з прысутнымі аплаткай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі