Skip to main content

Моладзь і дзеці з Навагрудка запісалі адвэнтавы гімн

adwent 1На пачатку сёлетняга Адвэнту дзеці і моладзь парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку вырашылі паказаць у сучаснай форме, у якой атмасферы радаснага чакання рыхтуюцца да святаў Божага Нараджэння.

Дзеці і моладзь, у цэлым каля 30 чалавек, а таксама бацькі з вялікай зацікаўленасцю ўключыліся ў праект запісу песні і відэароліка. Натхняльнікам ідэі іх стварэння быў кс. Павел Аляскевіч, які нясе душпастырскае служэнне ў Навагрудку. Такім чынам быў створаны адвэнтавы гімн “Дарога Бога”.

Гімн акрэсліў тэматыку разважанняў над Божым словам падчас святых Імшаў, прысвечаных Багародзіцы Марыі, у якіх удзельнічаюць малодшыя парафіяне. Ён стаў заахвочваннем, каб не прапускаць Рараты і не спазняцца на іх. У навагрудскім касцёле раратнія Імшы праходзяць у 6.30.

Маладыя вернікі з Навагрудка спадзяюцца, што гімн будзе духоўна натхняць вернікаў іншых парафій у прыняцці адвэнтавых пастановаў, чытанні Божага слова і наведванні Раратаў.

Дамінік Запаснік