У капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася малітва за спачылага ксяндза каноніка Здзіслава Вэдэра SDB, на якой сабралася супольнасць семінарыі.
У 2015 г. ксёндз Здзіслаў быў накіраваны ў гэтую навучальную ўстанову біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, каб выконваць там служэнне духоўнага айца. Ён займаўся выхаваннем студэнтаў семінарыі, праводзячы лекцыі, канферэнцыі, духоўныя размовы, быў спаведніком, дапамагаў семінарыстам на шляху духоўнага жыцця, каб яны, па яго словах, “маглі стаць святарамі, цалкам адданымі Богу”.
Імшу ў інтэнцыі спачылага ўзначаліў рэктар семінарыі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі. У гаміліі ён распавёў пра асобу ксяндза Здзіслава.
“Ён сапраўдны слуга Божы, які, нягледзячы на свой узрост, згадзіўся на нялёгкае служэнне ў якасці духоўнага айца”, – адзначыў ксёндз Віталій.
Акрамя таго, рэктар заклікаў прысутных паразважаць над сваім жыццём і тым, што мы пакінем пасля смерці.
Станіслаў Бервячонак, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі