13 лістапада ў смаргонскім касцёле св. Міхала Арханёла адбылася жалобная Эўхарыстыя ў інтэнцыі памерлага ксяндза каноніка Здзіслава Вэдэра SDB, які шмат гадоў быў пробашчам, а ў апошнія гады вікарыем гэтай парафіі і настаяцелем манаскай супольнасці.
Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Жалобнае казанне прамовіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. На ўрачыстасці прыбылі святары Смаргонскага і Астравецкага дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі і Маладзечанскага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Літургіі папярэднічаў Ружанец за душу памерлага, які вернікі маліліся праз слёзы, часамі не маючы сілаў скончыць малітву. Пасля Ружанца былі праспяваны Нешпары за памерлага.
У гаміліі на Імшы біскуп Аляксандр нагадаў гісторыю жыцця святой памяці ксяндза Здзіслава. Вернікаў, якія знаходзіліся ў жалобе, напэўна, падтрымалі шматлікія асабістыя ўспаміны пра памерлага спачылага, якія прагучалі ў слове іерарха. Ён падкрэсліў найбольш выразныя цноты памерлага святара: глыбокую пабожнасць, далікатнасць і нязломны жыццёвы аптымізм. Закончыў іерарх словамі, якія сам кс. Здзіслаў часта паўтараў у гэтым касцёле: “дзякуй” – як падзяка за дар такога сардэчнага душпастыра; “перапрашаем” – як просьба прабачыць нялёгкія моманты, якімі маглі яго абцяжарыць; “просім” – як голас заступніцкай малітвы за душу памерлага.
У канцы Эўхарыстыі да сабраных звярнуўся арцыбіскуп Юзаф. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі нагадаў, што некалькі гадоў таму здзяйсняў у гэтым касцёле абрад уступлення ксяндза Здзіслава Вэдэра ў годнасць ганаровага каноніка Гродзенскага капітула. Іерарх заклікаў асірацелых вернікаў Смаргоні не сумаваць, а, углядаючыся ў аблічча Хрыста Уваскрослага, памятаць пра душу свайго пастыра.
Пасля Імшы яшчэ доўга біў жалобны звон, а вернікі, сабраўшыся ля “castrum doloris”, ставілі лампадкі і моўчкі ўзносілі малітвы за спачылага святара.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі