12 лістапада ў Сапоцкіне адзначылі 400-годдзе з часу мучаніцкай смерці св. Язафата Кунцэвіча. Мясцовая парафіяльная супольнасць святкавала ў гэты дзень адпустовую ўрачыстасць.
Калі 12 лістапада 1623 г. арцыбіскуп Полацкі Язафат Кунцэвіч праз прынятую смерць нарадзіўся для неба, супольнасць святых узбагацілася яшчэ адным мучанікам, які праліў сваю кроў у абарону веры і праўды, вернасці Святому Айцу і адзінству Каталіцкага Касцёла.
У парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Пробашч парафіі кс. Антоній Абухоўскі, дэкан Сапоцкінскага дэканату, прывітаў усіх прысутных.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што Язафат Кунцэвіч прысвяціў усё сваё жыццё справе адзінства Касцёла і прыняў мучаніцкую смерць у абарону гэтай справы.
“Мы бачым, наколькі глыбокія, балючыя і цяжкія для пераадолення падзелы паміж людзьмі, – адзначыў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі. – Не толькі хрысціянскія канфесіі падзелены”.
Па словах іерарха, кожны чалавек усведамляе, як часта не хапае адзінства ў сем’ях, парафіях, розных супольнасцях і ўсім грамадстве.
“Папросім сёння святога Язафата, нашага вялікага апекуна, каб вымаліў у Пана Бога дар адзінства паўсюль, дзе ён найбольш патрэбны”, – сказаў біскуп.
Іерарх заахвоціў усіх прысутных часта звяртацца да Бога праз заступніцтва св. Язафата з просьбай аб ласцы сапраўднай любові да бліжняга, узаемаразумення і павагі, пераадолення ўласнай пыхі і эгаізму, а таксама пошуку таго, што злучае людзей, а не падзяляе.
“Няхай згода і ўзаемная любоў паселяцца ў нашых дамах, месцах вучобы і працы, паўсюль, дзе на шляху жыцця сустракаем іншага чалавека, каб мы заўсёды бачылі ў ім свайго сябра і брата”, – падсумаваў біскуп.
Адпустовая ўрачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі