У лістападзе ў Навагрудку ўжо традыцыйна адбыўся Трэці малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і, адна з мэтаў якога – пакаянне за грахі нашага народа супраць жыцця.
Цэнтральным момантам трохдзённага кангрэса сталася пакутная пілігрымка з Навагрудка ва Уселюб, якая прайшла 4 лістапада. Увечары таго ж дня ў касцёле св. Арханёла Міхала пасля Эўхарыстыі адбыўся ўрачысты акт пакаяння, у якім удзельнічалі таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Многія ўдзельнікі найбольш цэняць малітоўную і пакутную частку кангрэса, разумеючы, што трэба перапрашаць за грахі абортаў, кантрацэпцыі, штучнага апладнення і распусты, якія адбываюцца навокал. Але ў гэтым годзе шмат хто, уключаючы гасцей з Расіі, засталіся і на навуковую частку, прысвечаную тэме выхавання дзяцей, у тым ліку палавога. Міністэрства адукацыі паведаміла ў гэтым годзе аб планах увесці ў школах курс палавога выхавання, менавіта таму галоўныя арганізатары кангрэса (дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы” і Экспертная рада па пытаннях жыцця і сям’і пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі) вырашылі прысвяціць гэтаму пытанню асаблівую ўвагу. Многія ўдзельнікі прыбылі на кангрэс разам з дзецьмі, таму зразумела, чаму пытанні выхавання былі вельмі актуальнымі.
Упершыню на кангрэсе паўстала пытанне лічбавізацыі, якая ўсё больш актыўна ўваходзіць у жыццё сучасных людзей і іх дзяцей. У канцы лістапада ў Мінску адбудзецца адмысловая канферэнцыя на гэтую тэму, паколькі католікі не могуць застацца абыякавымі да новых выклікаў, якія свет сёння ставіць перад Касцёлам.
Уладыслаў Валаховіч, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі