4 лістапада ў маладой парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне адбыліся “Канікулы з Богам” для дзяцей. У сустрэчы ўдзельнічала больш за 40 чалавек.
Сустрэча пачалася Эўхарыстыяй у капліцы – часовым месцы малітвы гэтай парафіяльнай супольнасці, якая будуе свой касцёл. Пробашч парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч у гаміліі нагадаў дзецям пра абавязак дапамагаць нашым памерлым малітвай, якая больш важная, чым запаленая свечка ці кветкі, прынесеныя на іх магілы.
Паколькі была першая субота месяца – дзень, прысвечаны Беззаганнаму Сэрцу Марыі, – дзеці разам з законнымі сёстрамі пасля Імшы разважалі над пасланнем фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай. З дапамогай прадстаўлення, у якім трое дзяцей выконвалі ролі пастушкоў з Фацімы, распавядалася, што ў гэтых аб’яўленнях заключана просьба Багародзіцы і Яе Сына Езуса, каб людзі ў жыцці замянялі зло дабром, адмаўляліся ад грахоў, бо грахі прыносяць боль Хрысту і Панне Марыі, знішчаюць у нас вобраз Бога, пазбаўляюць годнасці Божых дзяцей.
Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы даведаліся, разважаючы над фацімскім пасланнем, што Божая Маці заклікала да навяртання, бо ведае, што чалавек часта не ўсведамляе, што робіць. Дзецям тлумачылася, што Марыя вядзе людзей да свайго Сына, каб кожны спазнаў Яго міласэрнасць, а самай вялікай міласэрнасцю з’яўляецца ачышчэнне сэрца ад грахоў.
Сустрэча скончылася пачастункам. Дзеці пакідалі яе з умацаванымі духам і верай, каб тым, аб чым даведаліся за гэты кароткі час, дзяліцца са сваімі блізкімі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч