4 лістапада з нагоды ўспаміну св. Губерта, біскупа, у парафіяльным касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (Бераставіцкі дэканат) на супольную малітву сабраліся паляўнічыя.
Святы Губерт з’яўляецца апекуном паляўнічых, бо паляванне прысутнічала ў яго жыцці з наймалодшых гадоў і адыграла важную ролю ў яго навяртанні.
Эўхарыстыю ў інтэнцыі паляўнічых узначаліў пробашч парафіі кс. Павел Беланос. Святар падкрэсліў, што на пачатку паляўнічага сезону важна даверыцца Пану Богу.
Прычына росту папулярнасці біскупа Губерта ў тым, што з яго асобай звязана легенда пра паляванне. Калі ён быў маладым і служыў у франкскага караля Тэадорыха ІІІ, то на паляванні ўбачыў аленя, паміж рагамі якога быў крыж. Алень павінен быў перадаць яму, каб ён пакінуў язычніцкае жыццё і даброты гэтага свету, а ўзамен аддаўся служэнню Богу. Гэтае пакліканне Губерта адбылося ў Вялікую пятніцу.
Таксама св. Губерт лічыцца апекуном тых, хто пакутуе на шаленства, эпілепсію і лунацізм.
Герб горада Гродна прадстаўляе аленя св. Губерта з крыжам паміж рагамі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі