Skip to main content

У Дворышчы біскуп Кашкевіч асвяціў капліцу Маці Божай Ружанцовай

kaplica dworycza 221 кастрычніка на могілках у Дворышчы адбылося ўрачыстае асвячэнне капліцы Маці Божай Ружанцовай, якая належыць парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях (Радунскі дэканат). Асвячэнне здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На цырымоніі сабраліся парафіяне, для якіх, асабліва для жыхароў Дворышча, яна стала сапраўдным святам, шматлікія госці, у тым ліку духавенства некалькіх дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі, дабрадзеі і ахвярадаўцы, якія падтрымалі гэты праект.

Біскупа прывіталі пробашч тракельскай парафіі кс. канонік Юрый Бяганскі і прадстаўнікі парафіі. Затым іерарх асвяціў новы крыж, устаноўлены на тэрыторыі могілак.

Вітаючы ўсіх прысутных, пробашч падкрэсліў, што тытул Маці Божай Ружанцовай не выпадковы для капліцы, бо яго ўжо насілі каталіцкія святыні, якія былі ў гэтых мясцінах раней.

kaplica dworycza 6

Ёсць гістарычныя звесткі, што першая капліца ў гонар Маці Божай Ружанцовай была пабудавана ў вёсцы Дворышча рэктарам Віленскай акадэміі Гарцыя Алабіяна ў 1591 г. У 1770 г., пасля таго як старая капліца была зруйнавана, езуіты пабудавалі новую, а ў 1860-м арандатар і будучы ўладальнік Дворышча Аляксандр Вольскі пабудаваў на тым жа месцы васьмівугольную капліцу. Яна была асвячана ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай і мела Яе абраз у срэбных шатах старажытнай работы.

Месцам новай капліцы, пабудаванай у 1990-я гады мясцовым калгасам, сталі вясковыя могілкі Дворышча. Аднак узведзены былі толькі сцены, унутраныя работы не вяліся. У такім стане капліца заставалася да 2019 г., калі была перададзена Лідскім райвыканкамам парафіі ў Тракелях. Рамонт і мадэрнізацыя капліцы сталі магчымымі дзякуючы старанням пробашча парафіі кс. каноніка Юрыя Бяганскага, a таксама многіх людзей добрай волі і парафіян, якія дапамагалі ў гэтай справе малітвай, працай і ахвяраваннямі.

Затым адбылася святая Імша, якую біскуп Гродзенскі цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафіяльную супольнасць у Тракелях, найперш жыхароў Дворышча, якія на працягу многіх гадоў чакалі адкрыцця капліцы. Таксама маліліся ў інтэнцыі тых, хто прынёс у дар матэрыяльныя сродкі дзеля таго, каб капліца змагла адчыніць свае дзверы вернікам і стаць месцам, дзе будзе гучаць Евангелле і будуць здзяйсняцца святыя абрады.

У гаміліі пробашч гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя кс. канонік Ян Кучынскі, які ў 1998-2000 гг. быў душпастырам тракельскай парафіі, казаў пра важнасць малітвы Ружанца – вялікай сілы ў барацьбе са злом.

kaplica dworycza 12

Святар заклікаў прысутных палюбіць гэтую малітву, аб якой прасіла сама Панна Марыя, калі аб’яўлялася ў розных частках свету.

Ксёндз Ян, які таксама з’яўляецца біскупскім вікарыем па справах агульнага душпастырства Гродзенскага раёна, падзяліўся ўспамінамі аб родным доме і перажываннямі, звязанымі з ружанцовай малітвай. Ён адзначыў, што, каб адкрыць яе каштоўнасць, трэба спачатку ўзяць ружанец у рукі, а затым пачаць маліцца з верай.

У канцы Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў удзячнасць усім, хто прычыніўся да адкрыцця капліцы, найперш ксяндзу Юрыю Бяганскаму, які, прыбыўшы ў тракельскую парафію, адразу ўзяўся за гэтую справу, якая шмат гадоў чакала завяршэння.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў мясцовым вернікам, каб новая капліца, прыгожая і ўтульная, сапраўды стала для іх месцам сустрэчы з Богам, дзе яны змогуць адкрыць свае сэрцы на багацце Яго дароў.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі