21 кастрычніка ў кляштары сясцёр кармэлітак у Адамавічах адбыўся дзень засяроджання для дзяўчат.
Гэтае мерапрыемства, якое праводзіцца ў вёсцы Адамавічы недалёка ад Гродна, дае ўдзельніцам магчымасць вырвацца са штодзённай мітусні, каб зазірнуць у глыбіню свайго сэрца, аднавіць згубленыя сілы, засяродзіцца на асабістай малітве.
Духоўным кіраўніком сустрэчы быў ксёндз Яўгеній Амасёнак.
Прысутныя ўдзельнічалі ў малітве, якая працягвалася некалькі гадзін, і разважалі над святасцю Маці Божай. Асновай для разважанняў былі Радасныя таямніцы Ружанца. Кульмінацыйным момантам дня былі адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і святая Імша. Дзень засяроджання скончыўся праглядам фільма пра аб’яўленні Маці Божай у Фаціме.
Высновы, да якіх прыйшлі ўдзельніцы, наступныя:
- важна заўсёды быць у рэжыме “чакання”, каб, калі прыйдзе час, адразу быць гатовай адказаць на Божы заклік;
- трэба быць чалавекам з адкрытым сэрцам;
- перамагчы зло можна толькі робячы дабро;
- два моманты ў жыцці, калі можна сустрэцца з Хрыстом, – зараз (не адкладваць на “потым” і на “заўтра”, чакаючы спрыяльнага часу) і ў хвіліну смерці;
- сакрэт шчасця – у тым, каб аддаваць сябе, служыць;
- Бог чакае ад чалавека таго, што найцяжэй аддаць, зрабіць;
- тое, чаго не разумееш, трэба захаваць у сэрцы, бо на ўсе разуменні прыходзіць свой час;
- у пост трэба адмовіцца ад свайго “я” і адказаць Богу “так!” (Fiat voluntas tua, “Няхай будзе воля Твая”);
- каб адчуць смак жыцця, трэба імкнуцца ўверх, наперад. Ты ўжо ўсё маеш, каб дасягнуць галоўнай мэты – быць святым, – і трэба мудра карыстацца гэтым.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі