16 кастрычніка ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прайшла фармацыйная сустрэча для духавенства Гродзенскай дыяцэзіі да пяці гадоў святарства.
Галоўнай тэмай сустрэчы была Эўхарыстыя, якая з’яўляецца сэрцам жыцця Касцёла.
Ксёндз канонік Ян Кучынскі, пробашч катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне і спецыяліст у галіне літургііі, на сустрэчы між іншым нагадаў сваім маладым сабратам, што важная і годная цэлебрацыя Найсвяцейшай Эўхарыстыі патрабуе ад святара адпаведнасці існуючым прадпісанням і нормам Касцёла, якія акрэсліваюць саму літургію і спосаб здзяйснення Ахвяры Хрыста.
Як адзначыў святар, гэтыя нормы і прадпісанні змешчаны ў Агульных уводзінах да Рымскага Імшала – літургічнай кнігі, якая ў Каталіцкім Касцёле з’яўляецца фундаментальнай для цэлебрацыі Эўхарыстыі.
Цэнтральнай часткай сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі прысутных святароў і ўсіх, хто блізкі іх сэрцам.
Біскуп падкрэсліў, што ў гэты асаблівы месяц, калі ўвесь Касцёл звяртаецца праз Ружанец да Маці Божай, прысутнасць святароў у дыяцэзіяльным санктуарыі сімвалічная.
“Адкрыем жа тут, у Маці, свае сэрцы і напоўнімся патрэбнымі дарамі, каб і далей служыць з вялікай адданасцю і запалам тым людзям, да якіх мы былі пасланы”, – сказаў іерарх.
У гаміліі кс. канонік Ян Кучынскі закрануў тэму распазнавання знакаў часу, якія павінны дапамагаць кожнаму чалавеку зразумець сваё пакліканне, убачыць уласную годнасць і цаніць яе, уносіць у свет больш чалавечнасці.
У канцы Імшы біскуп падзякаваў адказным за арганізацыю сустрэчы, асабліва мадэратару пастаяннай фармацыі маладых святароў Гродзенскай дыяцэзіі кс. каноніку Паўлу Салабуду, a таксама кусташу тракельскага санктуарыя кс. каноніку Юрыю Бяганскаму за адкрытасць і гасціннасць.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі