Лацінскі Патрыярх Ерузалема кардынал П’ербатыста Піццабала ад імя ўсіх ардынарыяў Святой Зямлі абвясціў наступны аўторак днём посту і малітвы аб міры.
“У гэты час смутку і жаху мы не хочам застацца бездапаможнымі. Мы не можам дазволіць, каб смерць і яе джала (1 Кар 15, 55) былі адзіным словам, якое чуем”, – напісаў іерарх, як паведамляе Польская рэдакцыя парталу Vatican News. Ён дадаў, што хрысціяне сёння адчуваюць асаблівую неабходнасць малітвы, звароту да Бога Айца.
Па словах кардынала, боль і жах ад таго, што адбываецца, велізарныя. Хрысціяне ў чарговы раз апынуліся ў самым цэнтры палітычнага і ваеннага крызісу, у моры беспрэцэдэнтнага насілля.
“Нянавісць, якую мы, на жаль, перажывалі ўжо вельмі доўга, узмацніцца яшчэ больш, а спіраль насілля, якая з яе сыходзіць, выкліча яшчэ большыя знішчэнні. Усё, здаецца, кажа аб смерці”, – піша Патрыярх Ерузалема, падкрэсліваючы, што ў такіх умовах вызнаўцы Хрыста толькі з малітвы могуць чэрпаць сілу і супакой, патрэбныя, каб ператрываць гэтыя цяжкія часы.
Таму ён заклікае зрабіць наступны аўторак днём посту і ўстрымання, а таксама арганізаваць адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і памаліцца Ружанец у інтэнцыі міру.