30 верасня ў Гродне адбыўся сімпозіум, прысвечаны пастырскаму году свецкіх, які па рашэнні епіскапату праходзіць сёлета ў Касцёле на Беларусі, і Сіноду біскупаў на тэму сінадальнасці.
Увазе ўдзельнікаў сімпозіума, які прайшоў у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, быў прадстаўлены шэраг дакладаў. З дакладамі выступілі свецкія асобы, якім была прысвечана гэтая сустрэча, і духавенства ўсіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі.
Сімпозіум складаўся з дзвюх сесій. У першай сесіі першым дакладчыкам быў а. Аляксандр Шамрыцкі з манаскай кангрэгацыі марыянаў, ліцэнцыят сістэматычнай тэалогіі (Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, Польшча). На дадзены момант святар піша пры гэтым універсітэце доктарскую працу па дагматычнай эклезіялогіі, выкладае фундаментальную тэалогію ў Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля і з’яўляецца капеланам “Місіі Добрага Самараніна пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай”, якая дзейнічае ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску.
Айцец Аляксандр звярнуў у дакладзе ўвагу на значэнне Дэкрэта Другога Ватыканскага Сабору пра апостальства свецкіх Apostolicam actuositatem i Апостальскай адгартацыі Яна Паўла ІІ Christifideles laici для фармацыі свецкіх. Ён падкрэсліў, што ў Божым народзе ўсе хрысціяне маюць аднолькавую годнасць, якая вынікае з хросту, і пакліканне, але розныя харызмы, ролі і функцыі.
“Важна добра ўсведамляць, што Касцёл толькі тады будзе паспяхова выконваць сваю місію, калі ўсе выканаўцы сваіх роляў – духоўныя асобы, законнікі і свецкія – здолеюць аб’яднаць свае сілы для дасягнення адзінай мэты”, – сказаў святар. Па яго словах, наданне перавагі нейкай адной з гэтых роляў за кошт іншай прывядзе альбо да клерыкалізму, альбо да антыклерыкалізму ці лаіцызму, якія стануцца прычынай падзелаў і канфліктаў у Касцёле.
“Толькі гарманічнае суіснаванне і ўзаемадзеянне розных роляў у Касцёле можа паспрыяць выкананню ім сваёй збаўчай місіі ў свеце. А дзеля гэтага духоўныя асобы павінны разумець, што свецкія маюць сваё асаблівае пакліканне ў Касцёле і выконваюць сваю незаменную функцыю; што ім неабходная свабода дзеяння для ажыццяўлення сваёй місіі ў Касцёле; што трэба звяртаць увагу на рады свецкіх і дапускаць іх да ўдзелу не толькі ў рэалізацыі заданняў, але і ў прыняцці рашэнняў”, – адзначыў а. Аляксандр.
Святар дадаў, што і свецкія асобы павінны старацца быць актыўнымі, вучыцца супрацоўніцтву з духоўнымі, не прэтэндаваць на функцыі, якія належаць выключна апошнім на моцы іх пасвячэння ці кансэкрацыі.
Ксёндз канонік Андрэй Зноска з Ліды, які з’яўляецца спецыялістам у галіне свецкага і касцёльнага права (юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта), кананістам (факультэт кананічнага права Варшаўскага ўніверсітэта кардынала Стэфана Вышынскага), суддзёй касцёльнага трыбунала, юрысконсультам Гродзенскай дыяцэзіі і дарадчыкам па прававых пытаннях Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, выступіў з дакладам “Удзел свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла ў Беларусі: заклік ці выклік? Калізіі кананічнага і дзяржаўнага заканадаўства і перспектывы іх пераадольвання”.
Святар параўнаў сістэмы касцёльнага і нацыянальнага права з рознымі сусветамі, рознымі вымярэннямі, якія не павінны перасякацца, але перасякаюцца, паразважаў пра калізіі кананічнага і дзяржаўнага заканадаўства.
Ксёндз Андрэй выказаў меркаванне, што неўзабаве, калі будзе прынята новая рэдакцыя Закона аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, з’явіцца нагода ўдасканаліць існуючыя статуты рэлігійных абшчын і пры гэтым паспрабаваць стварыць пэўны дакумент, які мог бы задавальняць патрабаванням як касцёльнага, так і нацыянальнага права.
Кажучы пра тое, якім павінен быць удзел свецкіх асобаў у кіраванні парафіяй, святар засяродзіў увагу на канонах дзеючага Кодэкса кананічнага права, адзначыўшы, што ў іх ёсць магчымая падказка для гэтага (кан. 212, 529, 536, 537).
Завяршыла першую сесію сімпозіума выступленне старэйшага з яго дакладчыкаў – ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага з Маладзечна (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Святар, які з 1978 г. служыў у парафіях Латвіі і Беларусі, са свайго досведу падзяліўся разважаннямі пра ролю свецкіх людзей у абароне касцёлаў і іх вяртанні ў часы ваяўнічага атэізму.
Святар падкрэсліў, што ў цяжкія для Касцёла часы вера, а таксама святыні і іншыя будынкі культу на нашай зямлі былі захаваны дзякуючы адданым і руплівым вернікам, якія з вялікай адвагай баранілі Божыя справы.
Пасля святой Імшы і абеду пачалася другая сесія сімпозіума. З дакладам пра фармацыю свецкіх вернікаў у Беларусі выступіў кс. Андрэй Рылка з Пінска, які выконвае абавязкі канцлера Пінскай дыяцэзіяльнай курыі, выкладчыка Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія), a таксама з’яўляецца вядомым хрысціянскім публіцыстам і рэкалецыяністам.
Святар нагадаў, што такое хрысціянская фармацыя, нагадаў, што свецкія вернікі “праз хрост і канфірмацыю прызначаныя Богам да апостальства, маюць агульны абавязак і права на супрацоўніцтва, каб Божы пераказ збаўлення быў пазнаны і прыняты ўсімі людзьмі”.
Таксама з дакладу ксяндза Андрэя можна было даведацца пра этапы фармавання хрысціяніна (сям’я, Касцёл, установа хрысціянскай (каталіцкай) фармацыі), пра асноўныя вымярэнні фармацыі (чалавечая, духоўная, інтэлектуальная, пастырская).
У дакладзе была звернута ўвага на канкрэтныя ўстановы фармацыі (Тэалагічныя каледжы імя св. Казіміра ў Гродне і імя св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, “Школа сямейнага жыцця” ў Мінску, Гродне і Лідзе), узгадана гісторыя іх заснавання, іх асаблівасці, асноўныя напрамкі спецыялізацыі і аспекты фармацыі ў гэтых установах.
Таксама ў другой сесіі выступілі з дакладамі свецкія асобы. Алена Татун, якая скончыла Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля і з’яўляецца катэхеткай і сакрыстыянкай парафіі Святой Тройцы ў Канстанцінаве (Глыбоцкі дэканат Віцебскай дыяцэзіі), у выступленні засяродзіла ўвагу на ролі свецкіх катэхетаў у Беларусі.
Дакладчыца падкрэсліла, што служэнне свецкіх катэхетаў – вялікі дар для Касцёла. Яна адзначыла, што працы ў парафіях вельмі шмат, а святароў па-ранейшаму недастаткова, адсюль неабходнасць адкрыцца на супрацоўніцтва са свецкімі людзьмі.
Відавочным дакладчыца назвала тое, што святары павінны адкрыцца на свецкіх людзей, а тыя – адчуць сябе адказнымі за Касцёл. Вялікім шанцам і першым знакам навучання гэтай узаемнай адказнасці яна назвала Сінод біскупаў на тэму сінадальнасці. Aлена Татун дадала, што духоўныя асобы разам са свецкімі павінны шукаць шляхі вырашэння праблем, якія ўзнікаюць у парафіяльных супольнасцях.
Апошнім прагучаў даклад Паліны Коласавай з Мінска, выкладчыцы вышэйшай матэматыкі ў ВНУ, актыўнай удзельніцы апостальскага руху факаляраў (“Справа Марыі”, заснаваны ў 1943 г. у Італіі К’ярай Любіч, аб’ядноўвае свецкіх людзей і служыць духоўнаму і апостальскаму абуджэнню вернікаў). У дакладзе разглядалася тэма свецкіх вернікаў і евангелізацыі ў Беларусі.
Дакладчыца назвала шанцам для новай евангелізацыі ўключэнне ў яе свецкіх людзей. Яна адзначыла, што свецкі евангелізатар павінен на ўзор Езуса быць дынамічным, паспяховым у жыцці асабістым, сямейным і прафесійным, не толькі прыцягваць слухачоў упэўненасцю ў сабе, але і выпраменьваць прыгажосць цела, духу, слова, быць напоўненым радасцю Хрыста, бо радасць – першы знак, што Езус мае рацыю і што варта даручыць Яму сваё жыццё.
Навуковая сустрэча завяршылася жывой дыскусіяй, падчас якой прысутныя мелі магчымасць задаць дакладчыкам пытанні.
Удзельнікі сімпозіума перакананы, што ён дапаможа лепей зразумець праўду аб тым, што Касцёл з’яўляецца не супольнасцю, якая знаходзіцца недзе побач з нашым жыццём, а супольнасцю, у жыцці якой прымаюць удзел усе яго члены – духавенства і свецкія асобы.
Існуе таксама надзея, што сімпозіум стане ўнёскам Касцёла на Беларусі ў працу Сіноду біскупаў згодна з дасведчаннем веры нашага народа, якім варта ганарыццa, надасць новы імпульс для лепшага разумення ролі свецкіх людзей у Касцёле ў нашай краіне і для іх больш інтэнсіўнага, крэатыўнага, адказнага і актыўнага супрацоўніцтва з духоўнымі асобамі.
Удзельнікі выказалі пажаданне, каб падобныя сустрэчы праходзілі і ў будучыні, згодна з заклікам Папы Францішка, што трэба праз слуханне і распазнаванне ісці да большага адзінства і сумеснага вырашэння надзённых праблем Касцёла.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі