Skip to main content

Aрцыбіскуп Кандрусевіч на сімпозіуме ў Гродне: свецкія асобы павінны больш актыўна ўключацца ў жыццё Касцёла і вырашэнне яго праблем

start simpozium 630 верасня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся сімпозіум, прысвечаны пастырскаму году свецкіх, які па рашэнні каталіцкага епіскапату праходзіць у Касцёле на Беларусі, і Сіноду біскупаў на тэму сінадальнасці.

У сімпозіуме, назва якога была сугучная з тэмай пастырскага года: “Апостальства свецкіх – надзея Касцёла ў Беларусі”, удзельнічалі старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, святары, кансэкраваныя асобы, студэнты семінарыі ў Гродне, навучэнцы Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне.

Сімпозіум пачаўся ўступным словам ініцыятара гэтай навуковай сустрэчы арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, які прывітаў прысутных і ўвёў іх у яе тэматыку.

start simpozium 5

Заслужаны іерарх адзначыў, што ў апошнія часы звяртаецца ўсё большая ўвага на ролю свецкіх людзей у жыцці Касцёла, ажыццяўленні яго місіі і вырашэнні праблем, з якімі ён спатыкаецца. Арцыбіскуп нагадаў, што Другі Ватыканскі Сабор у Дэкрэце пра апостальства свецкіх Apostolicam Аctuositatem падкрэслівае неабходнасць больш інтэнсіўнага і шырокага апостальства свецкіх, сфера дзейнасці якіх з дня на дзень пашыраецца (пар. АА 1).

Святы Ян Павел ІІ, як заўважыў арцыбіскуп, у Апостальскай адгартацыі аб пакліканні і місіі свецкіх у Касцёле і свеце Christifideles Laici адзначае, што мэта жыцця свецкага католіка – пазнанне хрысціянскага вучэння, каб выконваць свае жыццёвыя абавязкі згодна з атрыманым ад Бога пакліканнем (пар. ChL 10).

start simpozium 4

“Для Папы Вайтылы свецкія з’яўляюцца партнёрамі ў справе евангелізацыі. Ён прыпамінае, што яны паўнапраўныя члены Касцёла, адораныя пакліканнем, якое вынікае з сакрамэнтаў хросту і канфірмацыі, мэтай якога з’яўляецца перамяненне свету ў духу Евангелля”, – сказаў арцыбіскуп.

Іерарх узгадаў вучэнне Папы Бэнэдыкта XVI, які ў Энцыкліцы аб цэласным чалавечым развіцці ў любові і праўдзе Caritas in Veritate сцвярджае, што свецкія вернікі, кіруючыся маральнымі нормамі, павінны займацца эканамічна-палітычнай, навукова-этычнай і культурна-грамадскай дзейнасцю (пар. CV 32, 53. 59).

start simpozium 3

Таксама ён закрануў вучэнне сённяшняга Папы Францішка, для якога вельмі важная здаровая свецкасць, якая не паддаецца ўплывам секулярызму, які негатыўна рэагуе на сакральнасць.

Па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, у жыцці так ёсць, на вялікі жаль, далёка не заўсёды, для чаго існуе нямала аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын.

“У нашым геапалітычным асяроддзі вялікі негатыўны ўплыў на фармацыю свецкіх мела палітыка ваяўнічага атэізму. Сучасныя тэндэнцыі лібералізму, секулярызму і маральнага рэлятывізму таксама не спрыяюць гэтаму працэсу. Тым не менш, пасля трох дэкадаў працэсу адраджэння недапушчальна казаць, што Касцёл на Беларусі ўсё яшчэ не дастаткова падрыхтаваны да таго, каб арганізаваць адмысловую фармацыю свецкіх. Гэта выклік нашага часу, на які трэба адказаць, і заданне, якое неабходна выканаць”, – падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён заўважыў, што вялікі патэнцыял свецкіх павінен адпаведна выкарыстоўвацца: “Лаікат павінен больш актыўна ўключацца ў жыццё Касцёла і вырашэнне яго праблем. Інакш цягнік Касцёла адыдзе. А ў ім людзі, якія чакаюць дапамогі. Без свецкіх апостальства пастыраў не будзе цалкам эфектыўным, а Касцёл – спаўна дынамічным Божым народам”.

start simpozium 2

Іерарх выказаў надзею, што пастырскі год свецкіх дапаможа лепей зразумець іх ролю ў жыцці Касцёла на Беларусі і адказнасці за яго, а таксама ў развіцці больш крэатыўнага дыялогу паміж духоўнымі і свецкімі асобамі.

“Пры гэтым трэба памятаць, што Касцёл – не парламент, дзе ўсё вырашаецца большасцю галасоў. У Касцёле кожны мае сваё месца: сваё пакліканне, сваё заданне і сваю місію. Таму трэба асцерагацца спакусы клерыкалізацыі свецкіх і лаіцызацыі духоўных”, – дадаў арцыбіскуп.

На сімпозіуме былі разгледжаны тэалагічныя, пастырскія і заканадаўчыя аспекты служэння свецкіх людзей у Касцёле, іх фармацыі ў каталіцкіх навучальных установах нашай краіны, роля ў абароне і вяртанні святыняў, катэхізацыі і евангелізацыі.

Прадстаўнікі розных станаў Касцёла мелі магчымасць паразважаць пра больш свядомы, жывы і ўкаранёны ў веры ўдзел свецкіх асобаў у яго жыцці і місіі, а таксама пацвердзіць імкненне быць разам і ўяўляць сабой творчую супольнасць Касцёла на Беларусі як нашага супольнага дома.

start simpozium 1

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі