8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, адбылося асвячэнне каталіцкага і праваслаўнага крыжоў, устаноўленых на могілках у Варнянах.
Пра гэта паведамляе сайт варнянскай парафіі св. Юрыя, мучаніка (Астравецкі дэканат).
Устанаўленне на могілках двух крыжоў, злучаных паміж сабой, было не толькі знакавай падзеяй, але і яскравай праявай добрай волі вернікаў розных канфесій, іх сяброўства, узаемнай павагі.
Крыжы асвяцілі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы: пробашч парафіі ў Варнянах ксёндз Віктар Захарэўскі і іерэй Мікалай Уцякалка, які абслугоўвае мясцовы храм св. Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага.
У гэты дзень на могілках сабраліся разам з духавенствам вернікі каталіцкай і праваслаўнай канфесій. Пасля асвячэння крыжоў спачатку за памерлых памаліўся а. Мікалай. Затым адбылося набажэнства, якое ўзначаліў кс. Віктар.
Ксёндз Віктар Захарэўскі, якому належыць ідэя стварэння і ўстаноўкі гэтых крыжоў і якому жыхары Варнян і навакольных вёсак вельмі ўдзячныя, лічыць, што мястэчка Варняны, у якім жывуць у сяброўстве праваслаўныя і католікі, дзе ёсць касцёл і царква, даўно патрабаваў аб’екта, які стаў бы агульным сімвалам дзвюх канфесій. І вось такі аб’ект з’явіўся на мясцовых могілках.
“Калі зазірнуць у гісторыю Варнян, то раней тут жылі пераважна католікі, але паступова, асабліва ў савецкія часы, сюды сталі прыязджаць на пастаяннае месца жыхарства праваслаўныя вернікі. Пакуль тут не было царквы, многія наведвалі касцёл, але зараз, калі царква з’явілася, яны маюць шчасце маліцца ў сваёй святыні. Увогуле, самымі важнымі месцамі ў любым пасёлку з’яўляюцца святыня і могілкі.
У Варнянах ёсць і касцёл, і царква, а вось могілкі адны, на якіх спачываюць усе памерлыя, незалежна ад веравызнання. Таму і нарадзілася ідэя, каб на могілках з’явіліся два злучаныя крыжы. Мы адна мясцовасць, у нас адзін Бог, таму мы павінны жыць у брацтве, міры і згодзе. Цешуся, што айцец Мікалай падтрымаў ідэю і згадзіўся разам асвяціць крыжы і абраз Божай Маці, які знаходзіцца паміж крыжамі.
З волі Божай адбылося гэта восьмага верасня, у дзень нараджэння Маці Божай. Марыя як маці аб’ядноўвае ўсіх людзей, благаслаўляе нас, а для нашых памерлых выпрошвае Неба. Дзякую Богу, што ўсё задуманае атрымалася рэалізаваць, што знайшліся людзі, якія рознымі спосабамі дапамаглі ажыццявіць задуму. Няхай Пан Бог будзе ўсімі намі праслаўлёны, а нашы памерлыя, якія спачываюць на могілках, як найхутчэй дасягнуць вечнай радасці ў Божым Валадарстве!” – адзначыў ксёндз Віктар.