3 верасня ў парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) урачыста распачаўся новы навучальны і катехэтычны год.
На кожнай святой Імшы збіралася шмат дзяцей і іх бацькоў, якія жадалі распачаць гэты год з Богам і Яго благаслаўленнем.
На адну з ранішніх Імшаў у парафію завітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каб не толькі памаліцца разам з вернікамі і благаславіць школьныя прылады, але і ўдзяліць пастырскае благаслаўленне ўсім прысутным. Ксёндз Ян Раманоўскі ў гаміліі разважаў пра важнасць навучання ў школе, неабходнасць пазнаваць новае, падкрэсліўшы, што самае галоўнае месца ў жыцці павінен займаць Бог, “бо якая ж будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе свет, а душы сваёй прынясе шкоду?” (пар Мц 16, 26).
Потым дзеці і моладзь яшчэ раз сабраліся каля парафіяльнай капліцы, каб разам святкаваць гэты дзень. Яны прымалі ўдзел у розных забавах, гульнях і танцах. Цікавым момантам было знаёмства з пажарнай машынай, якая завітала на свята. Дзеці маглі не толькі паглядзець на яе звонку, але і пазнаёміцца бліжэй з абсталяваннем, якое знаходзіцца ўнутры яе. Самыя смелыя маглі прымерыць касцюм пажарніка. Кожны ўдзельнік, ад малога да вялікага, меў магчымасць паспрабаваць кашу і гарбату, прыгатаваныя на палявой кухні, якая таксама прыехала на свята.
Арганізатары святкавання жадаюць усім дзецям і моладзі самых вялікіх поспехаў у школе, каб Добры Бог благаслаўляў іх, а анёлы-ахоўнікі атулялі сваёй апекай.
С. Бернадэта CSSH