Skip to main content

Моладзь з Ліды і Навагрудка хадзіла ў паход

pohod 3З 15 па 19 жніўня маладыя вернікі лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) са сваім душпастырам ксяндзом Раманам Вайцяховічам разам з моладдзю з Навагрудка зладзілі паход на беразе ракі Гаўя.

Выйсці са штодзённай руціны і “зоны камфорту” амаль на тыдзень і трапіць у лясныя ўмовы (начлег у намётах, ежа з вогнішча, водныя працэдуры ў рацэ) вырашылі больш за 30 чалавек.

Кожную раніцу гучаў будзільнік, які збіраў усіх на супольны “Cross Fit”. Пазней былі водныя працэдуры, прыгатаванне сняданку. Цэнтральным момантам кожнага дня была святая Імша – час малітвы, спеваў, разважання над Божым словам, сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі. Таксама заўсёды была магчымасць споведзі.

Потым надыходзіў час працы, нарыхтоўкі вады і дроў на дзень, гатавання абеду. Пасля абеду звычайна былі адпачынак, час для сябе і малітва Ружанца.

Штодзень а 15-й гадзіне маліліся аб супакоі на ўсёй зямлі Вяночкам да Божай міласэрнасці.

Пасля вячэры, калі заходзіла сонца, усе збіраліся на вясёлы вечар – танцы, гульні і г.д.

Гэтыя дні дапамаглі моладзі зблізіцца, умацаваць адносіны з Богам і бліжнім. Прабыванне разам каля вогнішча, слуханне гісторый з жыцця кожнага, спевы, напэўна, застануцца прыемнымі ўспамінамі для ўдзельнікаў паходу.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі