Skip to main content

У лідскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прайшлі “Канікулы з Богам”

ksb lida 5З 13 па 20 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (м-н Індустрыяльны) прайшлі штогадовыя “Канікулы з Богам” для дзяцей і моладзі, якія правялі айцы піяры.

Канікулы пачаліся на нядзельнай святой Імшы.

Дзеці разважалі на канікулах пра галоўныя праўды веры. Кожны дзень пачынаўся ў касцёле супольнай малітвай і спевам рэлігійных песень, таксама разважалася аб чарговай праўдзе хрысціянскай веры. Затым дзеці збіраліся ў сваіх групах, удзельнічалі ў забавах і інтэграцыйных танцах. Для іх гатаваўся смачны пасілак. У канцы кожнага дня ўдзельнікі разам з аніматарамі збіраліся на супольную малітву падзякі і праслаўлення Бога. Перад вяртаннем дадому ўсе дзеці атрымлівалі салодкія падарункі.

Пробашч парафіі а. Аляксандр Махнач SP, вікарый а. Віталій Слука SP, бр. Павел Пастушын SP, семінарыст Аляксандр Давідовіч i больш за 30 аніматараў дапамагалі маладым парафіянам як найлепш правесці гэты летні час.

ksb lida 5

Акрамя таго, дзеці на працягу тыдня рыхтавалі нумары да “Конкурсу талентаў”, якіх пасля было нямала прадстаўлена на гала-канцэрце. Таксама для іх былі арганізаваны спартыўныя спаборніцтвы, за ўдзел у якіх усе атрымалі ўзнагароды.

Адметнасцямі “Канікул з Богам”, якія арганізоўваюць айцы піяры, з’яўляюцца цікавая праграма і бясплатны ўдзел усіх дзяцей і моладзі (ад старэйшай групы дзіцячага сада да 11 класа сярэдняй школы), нягледзячы на веравызнанне.

У агульнай колькасці на канікулах сабралося больш за 400 дзяцей.

Канікулы завяршыліся на нядзельнай святой Імшы. Арганізатары і ўдзельнікі дзякуюць Богу і Панне Марыі за гэты час і просяць свайго нябеснага апекуна св. Юзафа Каласанса маліцца за іх.

А. Аляксандр Махнач SP, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: а. Віталій Слука SP, Дзіяна Скерсь