У адпустовую ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў парафіі ў Сапоцкіне згодна з традыцыяй падзякавалі за сёлетні ўраджай.
Прысутныя на ўрачыстай святой Імшы шматлікія вернікі парафіі і госці дзякавалі Пану Богу за ўраджай і Яго апеку. Удзячнасць парафіян выразілася ў падрыхтаваных імі прыгожых дажынкавых вянках, якія яны прынеслі да алтара ў працэсіі.
У канцы літургіі пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі выказаў усім прысутным падзяку за дар супольнай малітвы і заахвоціў асабліва маліцца аб тым, каб Бог захаваў свет ад голаду, агню і вайны.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі