Штогадовыя ўрачыстасці Маці Божай Шкаплернай у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль у Гудагаі (Астравецкі дэканат) завяршыліся 16 ліпеня святой Імшой, якую ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Літургію канцэлебравалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі а. Пётр Фраштэнга OCD, іншае духавенства.
На сёлетніх урачыстасцях у Гудагаі адзначалася 260-я гадавіна пабудовы мясцовай святыні, узведзенай у 1763 годзе. Таксама на ўрачыстасцях дзякавалі ў малітве за служэнне ксяндза Адама Вайцяхоўскага, былога пробашча гудагайскай парафіі, у 50-ю гадавіну яго смерці.
Біскуп Буткевіч у гаміліі выказаў удзячнасць вернікам мясцовай парафіі за іх вялікую адвагу, любоў да Хрыста і Яго Касцёла, веру і прыгожы прыклад жыцця.
Старшыня епіскапату дадаў, што кс. Адам Вайцяхоўскі адышоў у вечнасць 16 ліпеня, а цяперашні пробашч гудагайскай парафіі а. Аркадзь Куляха OCD у гэты дзень нарадзіўся, і назваў гэта “асаблівым знакам Божага Провіду”.
Пасля Імшы ўсе ахвотныя мелі магчымасць прыняць шкаплер з рук апекуноў санктуарыя і духоўных сыноў Панны Марыі з гары Кармэль.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віктар Шагдай