15 ліпеня адбылася пешая пілігрымка з Гродна на месца спачыну ахвяр Другой сусветнай вайны, якое знаходзіцца ў лесе каля Навумавічаў. Сярод мноства жыхароў Гродна і Ліпска, якія былі расстраляны падчас вайны і пахаваны ў гэтым месцы, была і благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая.
Сёлета адзначаецца 80-я гадавіна гэтай страшнай трагедыі, калі было расстраляна, магчыма, больш за 3 тысячы чалавек, сярод якіх інтэлігенцыя, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, духоўныя асобы.
Пілігрымка шляхам мучанікаў нашай зямлі вырушыла з гродзенскага касцёла Маці Божай Анёльскай (францішканскі). У пілігрымцы яе ўдзельнікі, прадстаўнікі розных пакаленняў, углядаліся ў прыклад веры тых, хто застаўся да канца адданы Хрысту і Яго Евангеллю.
Асаблівая ўвага сёлета звярталася пілігрымамі на прыклад, які пакінула бл. Мар’яна – простая жанчына, маці, жонка, бабуля, свякроў, хрысціянка, а найперш чалавек.
Ксёндз канонік Антоні Грэмза разам з моладдзю ўзначаліў разважанні аб жыцці благаслаўлёнай, у гонар якой у Гродне будуецца каталіцкая святыня.
Кожны пілігрым ішоў у гэтае асаблівае на карце нашай краіны месца, палітае мучаніцкай крывёю, з уласнай інтэнцыяй. Акрамя таго, у іх была агульная інтэнцыя: яны маліліся аб міры для ўсяго свету, асабліва ахопліваючы малітвай краіны, якія закрануты ваеннымі канфліктамі і дзе праліваецца кроў нявінных людзей.
Дасягнуўшы Навумавіцкага лесу, які 80 гадоў таму стаў нямым сведкам трагічных падзей, пілігрымы доўга стаялі ў маўчанні, углядаючыся ў крыж, які ўздымаецца на гары. Яны дзякавалі Богу за час гэтай вандроўкі і за сведчанне веры столькіх мучанікаў, якія і сённяшніх людзей просяць аб адвазе – адвазе ў штодзённым жыцці, дома, на працы, на вучобе і ва ўсіх іншых месцах, куды іх пашле Божы Провід.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Міхаіл Міклашэвіч