З 14 па 16 ліпеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі летнія рэкалекцыі для юнакоў і міністрантаў. Яны адбываліся пад дэвізам “…і будзеце Маімі сведкамі ажно да краю зямлі” (пар. Дз 1, 8).
Удзел у рэкалекцыях прынялі юнакі і міністранты з многіх месцаў Гродзенскай дыяцэзіі. Распарадак дня ў межах рэкалекцый ім прапаноўваўся падобны да таго, згодна з якім жывуць студэнты семінарыі.
Разам з часткаю семінарыйнай супольнасці яны ўдзельнічалі ў святой Імшы, якая была кульмінацыяй кожнага дня рэкалекцый, і супольнай малітве. Таксама яны былі разам у час рэкрэацыі, канферэнцый, дыскусій, разважанняў, у актыўных формах адпачынку і гульнях, дзяліліся досведам веры і служэння пры сваіх парафіях.
Рэкалекцыі пачаліся вячэрняй Імшой, малітвай праслаўлення і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту ў семінарыйнай капліцы, якую вельмі часта называюць “сэрцам дыяцэзіі”, бо менавіта гэтае асаблівае месца, прасякнутае малітваю шматлікіх пакаленняў семінарыстаў і святароў, з’яўляецца калыскаю пакліканняў.
Са словам да ўдзельнікаў звярнуўся прэфект семінарыі кс. Ян Раманоўскі, які падкрэсліў важнасць сведчання веры ў жыцці сучаснага маладога хрысціяніна, гонару прыналежасці да Хрыста і Яго Касцёла і заахвоціў не саромецца сваёй каталіцкай ідэнтычнасці.
Малітва ўдзельнікаў рэкалекцый і семінарыстаў, падмацаваная заклікам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, была асабліва прысвечана інтэнцыі новых святых пакліканняў да працы на жніве Пана. Яны маліліся аб ласцы яснага распазнання паклікання і адвагі адказаць “так!” на голас Бога для тых, каго Ён кліча да спаўнення службовага святарства ў сваім Касцёле.
У межах рэкалекцый удзельнікі наведалі парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне, пробашч якой кс. Антоні Абухоўскі зладзіў для хлопцаў цікавую экскурсію і падрыхтаваў расповед аб гісторыі касцёла і яго шматлікіх абразах. Непадалёк пры мясцовым цэнтры дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” у юнакоў быў абед і час на адпачынак.
З нагоды 80-годдзя мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, забітай падчас Другой сусветнай вайны разам з іншымі жыхарамі Гродна і Ліпска, хлопцы разам з семінарыстамі і пілігрымамі ўдзельнічалі ў святой Імшы на месцы яе мучаніцтва на Форце №2 у Навумавічах.
Рэкалекцыі завяршыліся Ружанцам і святой Імшой у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя. Пробашч катэдральнай парафіі заахвоціў хлопцаў адкрыцца на Божы Провід і падзякаваў прадстаўнікам міністранцкіх супольнасцяў розных парафій дыяцэзіі за прысутнасць.
Перад раз’ездам удзельнікі атрымалі цудадзейныя медалікі з выявай Маці Божай і сувеніры ад семінарыйнай супольнасці, а духоўны айцец семінарыстаў кс. Ян Сарэла благаславіў кожнага з юнакоў у добры шлях.
Рэкалекцыі сталі для ўдзельнікаў добрай нагодай да асаблівай рэфлексіі над шляхам свайго жыцця і воляю Бога ў распазнанні дарогі да святасці і збаўлення, уласцівай кожнаму з Божых дзяцей і для кожнага выключнай.
Павел Догель