Пешая пілігрымка, якая ішла з Гродна на ўрачыстасці ў санктуарый у Тракелях, нарэшце дасягнула мэты. Пра шосты дзень пілігрымкі распавядае ў сваім дзённіку яе ўдзельніца:
“Мы дайшлі!!! Але свядомасць адмаўляецца ў гэта верыць. Калі я даведалася, што пілігрымка стала на дзень даўжэйшай, вельмі ўзрадавалася магчымасці пабыць у дарозе крыху больш. Але цяпер разумею, што шэсць дзён праляцелі таксама хутка… І з-за гэтага вельмі цяжка.
Пачалася наша раніца з сумеснага дзялення: што я вазьму для сябе з гэтай пілігрымкі. Падводзячы вынікі, складана было стрымаць слёзы. Гэтая пілігрымка сапраўды атрымалася вельмі цёплай і добрай.
Па кіламетражы сённяшні дзень быў зусім простым – усяго 16 кіламетраў. Затое эмацыйна ён напоўніў нас па самыя берагі. Для мяне ключавой падзеяй стала Гара Прабачэння. Гэтае месца дало магчымасць не толькі папрасіць прабачэння ў тых, каго пакрыўдзіў, але і падзякаваць за прысутнасць, за дапамогу, за спагадлівасць і проста за ўсмешку. Слёз і абдымкаў было шмат, але ўсё гэта пакідала ў душы святло.
Пасля Гары Прабачэння заставалася зусім крыху. Мы раскрылі сцяг, сшыты тракельскімі парафіянамі, які ўчора нам прывёз ксёндз Юрый Бяганскі. Усе знялі свае стужачкі і афарбавалі песні ў нябесна-блакітны колер.
Прыйшло нас больш за дзвесце чалавек, і гэта сапраўды выглядала відовішчна. Прызнаюся, што гімн гэтага года прыйшоўся мне даспадобы і спявала я яго заўсёды ад усяго сэрца. Упэўнена, што не толькі я.
І ўсё ж радасць ад таго, што мы дасягнулі мэты, прыглушае сум, што гэты шлях скончыўся. Суцяшае толькі тое, што пілігрымка жыцця працягваецца. Хвала Пану за гэту цудоўную магчымасць натхняцца прыгажосцю створанага свету і, што самае галоўнае, прыгажосцю чалавечага сэрца!”
Вікторыя Сідар