5 ліпеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў удзельнікаў 25-й юбілейнай пешай пілігрымкі, якая ідзе з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
У спякотны дзень, які стаў ужо чацвёртым, праведзеным удзельнікамі пілігрымкі ў дарозе, іерарх пачаставаў іх марожаным.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне паразмаўляў з пілігрымамі, якіх раней, перад іх выхадам у шлях, асабіста благаславіў. Таксама ён памаліўся з імі Вяночак да Божай Міласэрнасці і звярнуўся да іх з вялікай просьбай.
Біскуп папрасіў, каб, акрамя сваіх уласных інтэнцый, якія кожны пілігрым нясе Маці Божай, яны асаблівым чынам памаліліся аб святарскіх і манаскіх пакліканнях з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Гэта неабходна для таго, каб у нашага Касцёла ніколі не было недахопу ў тых, хто абвяшчае Божае слова і ўдзяляе святыя сакрамэнты.
Таксама іерарх папрасіў ахапіць малітвай духавенства і асобаў кансэкраванага жыцця Гродзенскай дыяцэзіі, каб яны заўсёды былі добрым прыкладам для вернікаў і самі імкнуліся да святасці, да якой заклікае ўсіх Хрыстус Пан.
Акрамя таго, біскуп Аляксандр прасіў аб малітве ў інтэнцыі ўсіх сем’яў, каб тыя, жывучы ў згодзе і адзінстве, сумленна перадавалі веру наступным пакаленням.
У канцы сустрэчы з пілігрымамі іерарх, падзякаваўшы ім за сведчанне веры, якое яны даюць, ідучы праз гарады і вёскі, удзяліў ім пастырскае благаслаўленне, пажадаў добрай дарогі і паабяцаў убачыцца з імі на адпустовых урачыстасцях у санктуарыі Маці Божай Тракельскай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі