Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Гродна – Тракелі: “Дарога вучыць быць сапраўдным перад Богам, людзьмі і самім сабой”

den1 2З Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях ідзе пешая пілігрымка, якая ў гэтым годзе з’яўляецца 25-й па ліку. У санктуарый яна прыйдзе 7 ліпеня.

Сваімі думкамі і адчуваннямі пасля першага дня шляху дзеліцца адна з пілігрымаў:

“Пайсці ў пілігрымку пасля столькіх гадоў каранавірусу – велізарная радасць. А сэрца ўсё роўна гучна стукае ад хвалявання. Ці ўсё я прадугледзела, ці нічога не забылася? Страшна, як у першы раз… як кожны раз… А значыць, на самой справе нічога страшнага!

den1 3

Нас шмат… вельмі шмат. Больш за дзвесце чалавек. І ўсе такія цудоўныя. “Кожны з нас тут невыпадкова”, – падкрэсліў ксёндз Яўген, адзін з арганізатараў гэтага паломніцтва, падчас канферэнцыі. І ён цалкам мае рацыю. І малышы, і моладзь, і дарослыя – усе мы цяпер аб’яднаныя адной мэтай, да якой вядзе адна агульная дарога. І сёння мы, як музычныя інструменты, наладжваліся на правільную танальнасць.

Па шляху нам пашчаслівілася адчуць на сабе ўсе капрызы надвор’я: і духату, нягледзячы на пахмурнае неба, і халаднаваты, але, на шчасце, кароткачасовы лівень, і падбадзёрлівы пераддажджавы брыз, і сонейка, якое паспела расфарбаваць нашы твары ў чырвоны колер.

den1 1

Да канца дня ногі балелі ўва ўсіх, сіл паменшылася, энтузіязм крыху згас. Выклікаў усмешку дыялог аднаго са старэйшых пілігрымаў і сястры Марлены: “Сястра, у мяне баляць ногі!” – “Пакажыце мне тут чалавека, у якога яны не баляць”, – з усмешкай адказала сястра.

den1 5

Магчыма, камусьці падасца дзіўным, што столькі людзей гатовыя шэсць дзён ісці пешкі да Маці Божай, маліцца, усхваляць Бога на шляху, дазваляючы пры гэтым сонейку спальваць скуру, нагам – націраць мазалі, каленям – ныць ад болю… Бог жа ўсюды, і Яго таксама можна сустрэць дома, не выходзячы з зоны камфорту. Выдатным адказам на гэта можа быць гісторыя з канферэнцыі: калі ў аднаго чалавека спыталі, навошта ён пастаянна сыходзіць на малітву ў лес – Бог жа ўсюды такі ж, – той адказаў: “Так, Бог такі ж усюды, але ў лесе я іншы”.

У паломніцтве мы іншыя – больш сапраўдныя, бо, калі цяжка, складаней стрымлівацца і хавацца за маскамі. І мы, нягледзячы на стомленасць, знаходзілі сілы ўсміхацца і жартаваць да самага Парэчча!

А там нас чакалі цудоўныя людзі з адкрытымі і добрымі сэрцамі. Нам пашанцавала, нас узялі ўсёй кампаніяй, а гэта восем чалавек! Накармілі смачнымі катлеткамі, напаілі салодкай гарбатай і паклалі спаць!

Цудоўны дзень атрымаўся! І я ўжо ў прадчуванні заўтрашняга…”

den1 4

Вікторыя Сідар