24 чэрвеня ў парафіі ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Яна Хрысціцеля, апекуна гэтай парафіяльнай супольнасці.
На малітве ў старадаўняй святыні сабралася вялікая колькасць вернікаў. Адпустовую Імшу з удзелам некалькіх святароў узначаліў дэкан Ашмянскага дэканату кс. канонік Ян Пузына.
Урачыстасць упрыгожыў спевам хор з Мінска. Усіх прысутных прывітаў пробашч а. Багуслаў Вуйтовіч OFM Conv.
Ксёндз Ян Пузына ў гаміліі звярнуў увагу на тое, што Ян Хрысціцель, хоць гэта вялікі святы, прарок, пасланы падрыхтаваць людзей да прыйсця Збаўцы, з’яўляецца малапапулярным. Па словах святара, прычына, па-першае, у тым, што ў сваім навучанні Ян быў бескампрамісным, адважна абвяшчаў праўду, за якую пазней аддаў жыццё, быў вельмі пакорным, жадаючы стаць меншым дзеля большай велічы Хрыста; па-другое, у тым, што ён заклікаў пакаяцца, адысці ў цень, засяродзіцца ў цішыні, а гэта не прыцягвае сённяшніх людзей.
Пасля літургіі адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла і кляштара.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі