Skip to main content

У Тракелях прайшла сустрэча членаў Францішканскага закону свецкіх

zakon fr 117-18 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася сустрэча членаў Францішканскага закону свецкіх (Трэцяга закону св. Францішка).

Гасціннасць вернікаў мясцовай парафіі, выдатныя ўмовы і маляўнічае наваколле заахвочвалі ўдзельнікаў сустрэчы да медытацыі. Сустрэча была незвычайнай: давала магчымасць фармацыі, была накіравана на паглыбленне францішканскай духоўнасці, умацаванне веры і спрыянне знаёмству паміж сёстрамі і братамі з францішканскіх супольнасцяў з розных куткоў Беларусі.

Праграма сустрэчы ўключала Эўхарыстыю, Літургію гадзінаў, малітву на ружанцы, Крыжовы шлях, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Марыйны заклік, канферэнцыі, начное чуванне з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.

У малітве да Каралевы нашых сем’яў удзельнікі даверылі Маці Божай свае штодзённыя клопаты, душэўны боль, духоўныя слабасці, нявернасць і занядбанні, а таксама намаганні і добрыя справы, прасілі Яе заступніцтва, каб ўзрастаць у святасці і даваць сведчанне евангельскага жыцця.

zakon fr 2

У нядзелю 18 чэрвеня святую Імшу ў межах сустрэчы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Гамілію прамовіў кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзі.

Святар звярнуў увагу на тое, што сёстры і браты ФЗС павінны быць малітоўным цэнтрам парафіяльных суполак, дыяцэзій і ўсяго Касцёла на Беларусі. “Ваша задача – фарміраваць адносіны, якія вынікаюць з правілаў Францішканскага закону свецкіх, ачышчаць сэрца ад усякага зла, ад злых прыхільнасцяў. Вы павінны быць сёстрамі і братамі адно для аднаго, дарыць людзям радасць, хрысціянскую надзею. У гэтым сучасным свеце, дзе пануе пустазелле абыякавасці, роспачы, нянавісці, варожасці, раз’яднанасці, прасіце праз заступніцтва нашай Апякункі, каб навучыла быць свабоднымі ад сацыяльных і асабістых грахоў, ад абыякавасці ў пытаннях веры і маралі. Будзьце свабоднымі, таму што толькі свабодны чалавек можа па-сапраўднаму любіць”, – сказаў генеральны вікарый дыяцэзіі.

Такія фармацыйныя сустрэчы – добры час для сумеснай малітвы, брацкіх гутарак, абмену вопытам, клопатамі і радасцямі. На іх пануе атмасфера любові і адзінства.

Удзельнікі, выказаўшы падзяку кусташу санктуарыя кс. каноніку Юрыю Бяганскаму за цёплы прыём, пакідалі Тракелі радаснымі і духоўна ўзбагачанымі.

zakon fr 3

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі