Skip to main content

Роля пачуццяў у пазнанні Бога: рэкалекцыі ў ВДС

Пачынаючы ад Папяльцовай серады ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі ладзяцца велікапосныя трохдзённыя рэкалекцыі. Сёлетнія традыцыйныя духоўныя сустрэчы для гродзенскіх алюмнаў праводзіць духоўны айцец Гданьскай духоўнай семінарыі кс. Яцэк Наврот.

Тэма велікапосных рэкалекцый для семінарыстаў у гэтым годзе – “Роля пачуццяў у пазнанні Бога і роля нашых эмоцый на дарозе паклікання”.

Не ўдасца пазнаць Пана Бога толькі сваёй галавой і розумам. Пана Бога трэба пазнаваць таксама сваім сэрцам, дапускаючы Яго затым да сваёй волі і сваёй далікатнасці, уражлівасці, – тлумачыць важнасць тэмы для будучых святароў кс. Яцэк.А яшчэ, пакуль мы не наважымся ўпусціць Бога ў тое месца, у якім адчуваем сябе найбольш слабымі, датуль нашае навяртанне яшчэ трывае. Яно штурхае нас наперад, калі мы вырашаем, што Бог можа дакрануцца да таго месца ў нашай гісторыі, якое з’яўляецца самым слабым. Можна нават сказаць, што да найбольш хваравітага месца, бо там мы найбольш далікатныя. І гэтага будуць таксама датычыць эмоцыі і пачуцці ў духоўным жыцці. Бо ўсе мы прыходзім на гэты свет з пачуццём бяспечнасці. Але з цягам часу ў нас з’яўляецца балючы вопыт. Ён у нас выклікае абарончы механізм. Калі мы ўжо дарослыя, то ў нашых адносінах мы, бывае, кажам: “Я цябе люблю”. Але ёсць такія патаемныя месцы, куды мы баімся каго-небудзь пусціць, бо асцерагаемся, што нам зробяць балюча. Таму трэба навяртанне, каб пераадолець гэты страх.

Кс. Яцэк будзе знаходзіцца ў гродзенскай семінарыі да суботы.