З 5 па 17 чэрвеня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе адбыліся “канікулы з Богам” – летні адпачынак для дзяцей і моладзі.
На гэтых канікулах пры парафіі ўдзельнікі маглі не толькі пазабаўляцца і адпачыць ад вучобы, але і правесці час з Богам.
Праграма адпачынку была вельмі насычанай. Кожны дзень пачынаўся малітвай у парафіяльнай святыні. Пасля невялікай размінкі ўдзельнікі разыходзіліся на працу ў групах.
Кожны дзень дзеці разам з апекунамі рыхтаваліся да ўдзелу ў розных конкурсах: малюнка, танцу, песні, тэатра. Праца ў групах чаргавалася са спартыўнымі гульнямі і спаборніцтвамі.
Таксама ў праграме былі прагляд фільма ў кінатэатры і ўдзел у майстар-класах па спевах і танцах. Кожны дзень дзеці слухалі кароткую катэхезу, а 15-й гадзіне маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, удзельнічалі ў святой Імшы.
17 чэрвеня, у дзень заканчэння канікул, на Імшы дзеці памаліліся аб Божым благаслаўленні на далейшы час летняга адпачынку. Пазней іх чакалі забаўляльная праграма, салодкі пачастунак і пікнік на свежым паветры.
Дыякан Андрэй Юхнік
Фота: Яна Мерчы