Skip to main content

170-годдзе з часу ўзвядзення святыні адзначылі ў Жалудку з удзелам трох біскупаў

zaludok 5513 чэрвеня, у літургічны ўспамін св. Антонія Падуанскага, вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат) дзякавалі Богу за 170 гадоў з часу паўстання іх касцёла.

Ва ўрачыстасці ўдзельнічала шмат запрошаных гасцей. На яе прыбылі святары, сёстры законныя, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, шматлікія вернікі парафіі і іншых месцаў. Прысутнічалі таксама трое іерархаў: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

zaludok 45

Святкаванне пачалося з благаслаўлення ўстаноўленай ля касцёла фігуры св. Антонія, культ якога вельмі жывы ў гэтай парафіі, і ўнясення ў святыню яго рэліквій. Рэліквіі былі перададзены Ордэнам Братоў Меншых Канвентуальных (францішкане) і дастаўлены ў парафію а. Паўлам Раманчуком OFM Conv з Івянца.

Пробашч парафіі кс. канонік Ян Рэйшаль прывітаў усіх прысутных, не хаваючы ўзрушанасці тым, што так шмат людзей захацела ўзяць удзел у гэтай урачыстасці. Святар нагадаў гісторыю парафіі ў Жалудку, якая была заснавана ў 1490 г. Цяперашні касцёл быў пабудаваны ў 1853 г., асвячаны 15 жніўня 1853 г.

Імшу ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Гамілію прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Заклікаючы вернікаў да радасці з нагоды гэтага значнага юбілею ўзвядзення іх святыні, біскуп заахвоціў абудзіцца да шанавання дамоў Божых і наведваць іх часта і ахвотна.

“Хто дапаможа душы атрымаць неацэнны скарб нябеснага шчасця? Святы Касцёл, бо тут у крыніцах хросту мы атрымліваем першапачатковую чысціню душы, а разам з ёй і права на несмяротнае жыццё”, – адзначыў іерарх.

Ён нагадаў, што Касцёл прысутнічае ў іншыя важныя для людзей хвіліны: звязвае хрысціянскае сужэнства, праводзіць чалавека ў апошні шлях, а калі нават сотні гадоў праходзяць пасля нашай смерці, “Касцёл не забываецца пра нас, кажа святарам, каб маліліся за супакой нашых душ”.

zaludok 62

Біскуп падкрэсліў, што ў сувязі з усім гэтым “Божая святыня зліваецца з нашым жыццём, яна павінна быць дарагой кожнаму, хто залічвае сябе да яе дзяцей”.

“Трэба збірацца ў як мага большай колькасці і як найчасцей пад дабрачынным крылом маці – святога Касцёла, – падвёў выснову іерарх, – і не толькі ў святы і ўрачыстасці, але калі толькі дазваляе час, і старацца святым жыццём дадаваць яму бляску і хвалы”.

“Давайце падтрымліваць святыні хоць бы маленькім сталым і добраахвотным ахвяраваннем, давайце падтрымаем іх бляск і аздобу, – сказаў біскуп. – Яна ж створаная пакаленнямі нашых продкаў, якія звычайна былі не багацейшыя за нас. Гэта будзе пахвалой для нас саміх, будзе доказам нашай гарачай веры і будзе нам самім на карысць, таму што якой мерай мы адмяраем Богу, той Ён адмерае нам”.

zaludok 70

Біскуп заклікаў “любіць Касцёл і святую веру ўсімі сіламі нашых сэрцаў”, “верна жыць паводле яго вучэння”. “Тады збудзецца для нас тое, што Бог сказаў у Святым Пісанні”, – дадаў ён.

У канцы літургіі парафіяне выказалі ўдзячнасць гасцям, якія прыбылі на ўрачыстасць.

Біскуп Юрый Касабуцкі заахвоціў захоўваць і перадаваць наступным пакаленням скарб веры і любові да Хрыста і Яго Касцёла.

zaludok 79

Іерарх пажадаў, каб вера і любоў спадарожнічалі людзям у асабістым і духоўным развіцці, а таксама знайшлі адлюстраванне ў клопаце пра гэты сакральны будынак як бачны знак прысутнасці Хрыста ў жыцці парафіяльнай супольнасці.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі