Skip to main content

Першы парафіяльны фэст адбыўся ў гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай

baranowicze fest 1311 чэрвеня гродзенская парафія благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай святкавала адпустовую ўрачыстасць у гонар сваёй апякункі.

На Эўхарыстыі ў часовай капліцы, побач з якой узводзіцца касцёл, адбыліся ўрачыстыя Імшы, на якіх вернікі маліліся аб шчаслівым будаўніцтве сваёй святыні і за ўсіх, хто падтрымлівае парафіяльную супольнасць працай, ахвяраваннямі і малітвай.

Вернікі маладой парафіі маліліся таксама адзін за аднаго, каб, будуючы касцёл з цэглы, яны змаглі стварыць і жывы Касцёл – сапраўдную супольнасць людзей.

У гаміліі пробашч парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч казаў пра бл. Мар’яну, якая падчас Другой сусветнай вайны аддала сваё жыццё на фартах у Навумавічах за нявестку, якая чакала нараджэння дзіцяці.

baranowicze fest 4

Святар адзначыў, што апякунка парафіі аддала жыццё за бліжняга падобна Хрысту, падобна св. Максімільяну Кольбэ і многім іншым, хто сур’ёзна ставіўся да Евангелля.

Пробашч падкрэсліў, што прысутнасць на адпустовай урачыстасці павінна стаць нагодай да таго, каб вучыцца любові на практыцы і прасіць бл. Мар’яну быць для ўсіх сем’яў настаўніцай любові.

Ксёндз Юрый пажадаў вернікам, каб апякунка парафіі заўсёды была для іх натхненнем, дапамагала “весці такое жыццё, у якім значэнне мае хтосьці яшчэ акрамя нас, і гэты хтосьці нават важнейшы за нас”.

Таксама ў гэты дзень адбылася эўхарыстычная працэсія Божага Цела, якая спынялася па традыцыі ля чатырох алтароў.

baranowicze fest 5

Ідучы ў працэсіі разам з Езусам, прысутным у Эўхарыстыі, вернікі прасілі, каб гэтая Яго прысутнасць закранула іх вуліцы і дамы, каб Божая любоў дасягнула кожнага. Яны крочылі вуліцамі свайго мікрараёна, каб несці Хрыста праз сведчанне веры, сведчанне супольнасці і сведчанне любові.

У другой палове дня ля капліцы адбыўся першы парафіяльны фэст, на якім сабраліся цэлымі сем’ямі шматлікія вернікі супольнасці. Была падрыхтавана насычаная праграма не толькі для дзяцей, але і для дарослых, якія мелі магчымасць добра правесці час на свежым паветры, з музыкай і танцамі.

Як падкрэсліў пробашч парафіі, такія сустрэчы ля вогнішча і забавы вельмі патрэбныя мясцовым вернікам – i малодшым, і старэйшым, бо асноўная мэта гэтых мерапрыемстваў – несці ідэю інтэграцыі парафіяльнай супольнасці.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі