Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць св. Антонія ў Адэльску

adelsk adpust 6013 чэрвеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Антонія Падуанскага. Святкаванне ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, для якога Адэльск з’яўляецца малой радзімай.

Гэты парафіяльны адпуст збірае вялікую колькасць вернікаў з усяго наваколля, таму святая Імша з гэтай нагоды цэлебруецца звонку.

Традыцыйна гэтае свята дзеліцца на дзве часткі: сакральная – Імша з працэсіяй, а затым свецкая, на спецыяльнай пляцоўцы – культурна-забаўляльныя мерапрыемствы: выступленні харавых калектываў, латарэі, гульні і інш.

У цэнтры Адэльска знаходзіцца фігура св. Антонія – яна быццам вітае кожнага чалавека, які апынаецца там. У мясцовым касцёле захоўваецца яго цудадзейны абраз.

adelsk adpust 54

У гаміліі на ўрачыстай Імшы ў межах святкавання арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў асобу Антонія Падуанскага як чалавека глыбокай веры, добра адукаванага біблеіста, славутага прапаведніка, цудатворцу, дабрачынца і апекуна ў пошуку згубленых рэчаў.

Разважаючы, чаму можа гэты сярэднявечны святы навучыць сучасных людзей, іерарх адзначыў, што, як праблемай з’яўляецца згубіць нейкую рэч, так яшчэ большай праблемай – згубіць веру, а гэта, па яго словах, мы бачым кожны дзень. “У нас больш касцёлаў і магчымасцяў для развіцця веры, але, на жаль, яна з кожным днём слабее. Сучасны чалавек усё часцей жыве так, як быццам Бог увогуле не існуе. А калі няма Бога і Яго закону, то ўсё дазволена, – сказаў іерарх. – Створаны Богам свет перавярнуўся з ног на галаву”.

adelsk adpust 77

У якасці прыкладу ён нагадаў пра “нябачаны дагэтуль крызіс сям’і і Божага дару жыцця”, “заняпад маралі”, “прапаноўванне сатанінскіх справаў сродкамі масавай інфармацыі замест таго, каб прапагандаваць Божыя праўды”, “наркаманію, якая дадаецца да традыцыйнай бяды алкагалізму”, “несправядлівасць, войны і тэрарыстычныя акты”.

“Сапраўды, гэтак свет ідзе да самазнішчэння”, – падвёў вынік арцыбіскуп.

Ён падкрэсліў, што чалавечае жыццё – “поле бітвы, дзе злы дух змагаецца з Богам, які ўдзельнічае ў гісторыі, каб аднавіць яе”, і Божым дарам з’яўляецца прысутнасць святога Антонія ў гэтай гісторыі.

Арцыбіскуп дадаў, што толькі Хрыстус можа выратаваць сучасны свет, а да Яго вядуць святыя, у тым ліку Антоній Падуанскі. “Сваім прыкладам святы Антоній заахвочвае нас жыць так, каб не замяняць Бога матэрыяльнымі рэчамі, задавальненнямі і ідаламі, – патлумачыў іерарх. – Таму неабходна прасіць яго суправаджаць нас у жыцці, асабліва ў пошуку страчанай ці аслабленай веры”.

adelsk adpust 88

Таксама на гэтай літургіі арцыбіскуп удзяліў групе моладзі сакрамэнт канфірмацыі. Іерарх заклікаў яе браць прыклад са св. Антонія, які не пакіне людзей, абароніць і дапаможа жыць моцнай верай, неабходнай для збаўлення.

Пасля Імшы адбылася адмысловая эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч кс. канонік Віктар Мыслюк падзякаваў усім шматлікім прысутным за ўдзел у святкаванні.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота:Віктар Ведзень