12 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад). Гэты дзень быў вігіліяй парафіяльнай урачыстасці ў гонар св. Антонія Падуанскага.
У старадаўнім адэльскім касцёле, дзе захоўваецца славуты ласкамі абраз св. Антонія, чый культ вельмі жывы, сабраліся шматлікія парафіяне і госці.
Ксёндз канонік Віктар Мыслюк, пробашч парафіі, прывітаў прысутных і заахвоціў да гарачай малітвы, нагадаўшы словы: “Калі шукаеш цудаў, ідзі да святога Антонія”.
Ва ўрачыстай літургіі ўдзельнічалі таксама дзеці, якія днём раней прынялі Першую Камунію і затым на працягу Белага тыдня, які наступае пасля гэтай падзеі, прысутнічаюць на Імшы.
Эўхарыстыя завяршылася працэсіяй са свечкамі вакол касцёла. Наперадзе працэсіі прадстаўнікі літургічнай службы алтара неслі фігуру св. Антонія.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі