Skip to main content

Кветкавыя дываны ўпрыгожылі ўрачыстасць Божага Цела ў Смаргоні

bc smorgoon 138 чэрвеня вернікі парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адзначылі ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста традыцыйнай тэафарычнай працэсіяй па вуліцах горада.

Гэтая ўрачыстасць, якая традыцыйна называецца ўрачыстасцю Божага Цела, адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ў чацвер пасля нядзелі Найсвяцейшай Тройцы. У гэты дзень адбываюцца працэсіі, падчас якіх святар выносіць з касцёла Найсвяцейшую Эўхарыстыю. Гэта суправаджаецца ўрачыстымі абрадамі і спевамі, хрысціяне даюць публічнае сведчанне сваёй веры і пабожнасці ў адносінах да Найсвяцейшага Сакрамэнту.

bc smorgoon 5

Навізной для Смаргоні ў дзень свята сталіся кветкавыя дываны, якія вернікі старанна кампанавалі ля традыцыйных чатырох эўхарыстычных алтароў. Старэйшыя людзі сведчаць, што падобныя ўпрыгожванні рабілі ў парафіях і раней, але потым рэлігійны пераслед, перарыванне традыцый і звычайнае чалавечае спрошчванне ўсяго сталі прычынамі паступовага знікнення гэтага звычаю. За сёлетнія кампазіцыі кветкавых дываноў і ўпрыгожванне алтароў у Смаргоні былі адказныя парафіяльныя колы: Легіён Марыі, Апостальства дапамогі душам чыстцовым, Жывы Ружанец, Асацыяцыя ўшанавальнікаў Марыі Успамогі Хрысціянаў (ADMA).

Падчас стацый ля алтароў святары-салезіяне – кс. Казімір Мурава SDB, кс. Здзіслаў Вэдэр SDB і кс. Артур Ляшнеўскі SDB – прамаўлялі для вернікаў эўхарыстычныя казанні, якія тлумачылі важнасць прыняцця Божага Цела і пакланення Яму.

Святочнае шэсце завяршылася ля пятага алтара. Пасля благаслаўлення салезіяне падзякавалі ўдзельнікам за працу, супольную анімацыю працэсіі і малітву.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі