4 чэрвеня ў парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбылася ўрачыстасць Першай Камуніі.
Упершыню прынялі Езуса ў свае сэрцы 11 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак. Сустрэўшыся ў гэты дзень блізка з Тым, Хто сапраўды моцна любіць людзей, яны з хваляваннем адказалі Яму поўнай узаемнасцю.
Дзень Першай Камуніі стаў для дзяцей вялікім святам, якое, можна спадзявацца, яны не забудуць.
На старыя сцены
Ззяе адусюль
Белы мак сукенак,
Белы снег кашуль.
І глядзіць праз хмары
Сонейка ў акно.
Радасныя твары
Свецяцца ажно.
Стала б светла ноччу,
Калі б ноч была –
Столькі зораць вочы
Зыркага святла!
Столькі прамяністых,
Ясных шчочак-руж
І крынічна чыстых
Маладзенькіх душ,
У якіх разліта
Шчырая любоў.
Першая малітва.
Свежы водар слоў.
Хвалявання многа
Шле арганны гуд.
І спатканне з Богам –
Найвялікшы цуд!
Аксана Вераціла