У вігілію нядзелі Спаслання Духа Святога, 27 мая, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара).
На святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.
Ва ўрачыстай Эўхарыстыі ўдзельнічала шмат вернікаў – блізкія канфірмаваных, сведкі канфірмацыі і іншыя парафіяне. Прысутнічалі святары Лідскага дэканату на чале з дэканам кс. Андрэем Роўбам CRL.
У гаміліі сакратар біскупа Гродзенскага кс. канонік Юрый Марціновіч засяродзіў увагу на тым, што Дух Святы змяняе чалавечае жыццё, уносячы ў яго свае сем дароў.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да тых, хто прыняў сакрамэнт хрысціянскай сталасці, падкрэсліў, што трэба адкрыцца на дзеянне Духа Святога. Іерарх дадаў, што Дух робіць чалавека здольным мужна вызнаваць сваю веру і жыць паводле яе прынцыпаў.
Біскуп пажадаў, каб кожны чaлавек у моцы Духа станавіўся адважным вестуном Езусавага Евангелля і быў заўсёды гатовы стаяць на абароне веры, якую вызнае.
Маладыя людзі і іх бацькі падзякавалі сваім душпастырам на чале з пробашчам парафіі кс. канонікам Уладзімірам Гуляем. Асаблівая падзяка была выказана катэхетцы сястры Галіне Занеўскай CSFN, якая рыхтавала тых, хто збіраўся прыняць канфірмацыю, да гэтай важнай падзеі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі