15 мая ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адбылася завяршальная сустрэча першага года адукацыйнага праекту, скіраванага на павышэнне асабістай кампетэнтнасці кансэкраваных асобаў.
У праекце ўдзельнічалі таксама кансэкраваныя асобы Гродзенскай дыяцэзіі.
На сустрэчы каманды прадставілі ў выглядзе прэзентацыі вынікі сваёй працы па накірунках дзейнасці за першы год навучання. Ганаровымі гасцямі сустрэчы былі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Галоўны каардынатар праекту кс. Віктар Гайдукевіч SDB, прывітаўшы сабраных, падкрэсліў важнасць прысутнасці іерархаў, адзначыўшы, што гэта праява духоўнага адзінства з лакальным Касцёлам, і пажадаў камандам поспехаў у прэзентацыі. Куратар праекту і мадэратар сустрэчы Андрэй Каралёў азнаёміў сабраных з рэгламентам і парадкам правядзення мерапрыемства.
Шэсць каманд прэзентавалі сваю працу па накірунках: катэхізацыя, прафесійнае душпастырства медыкаў, праца са СМІ, праца з моладдзю, праца з сем’ямі. Каманды дзяліліся напрацоўкамі, праблемамі, якія існуюць у дадзеных сферах, асабістым вопытам. Пасля кожнай прэзентацыі праходзіла дыскусія, у якой актыўны ўдзел прымалі іерархі: яны задавалі спікерам пытанні, дзяліліся ўражаннямі ад прэзентацыі, рабілі заўвагі.
Пасля выступлення каманд журы, якое складалася са спікераў і прадстаўнікоў каардынацыйнай рады вышэйшых настаяцеляў манаскіх супольнасцяў, вынесла адзнакі прэзентацыі і выкананай працы. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўручыў прадстаўнікам кожнай каманды сертыфікаты на супольнае правядзенне часу на розных камандаўтваральных мерапрыемствах.
Арцыбіскуп Станеўскі падзякаваў усім за ўдзел у праграме і пажадаў поспехаў на наступны год. “Паразы, якія мы пераадолелі, з’яўляюцца часткай поспеху, таму не бойцеся, адважвайцеся, бо шчасце само не прыходзіць, да яго трэба ісці. Усім вам Божага благаслаўлення, працуйце і вучыцеся”, – такімі словамі іерарх падбадзёрыў удзельнікаў.
Ксёндз Віктар Гайдукевіч ад імя арганізацыйнага камітэту ўручыў невялікія падарункі іерархам і членам журы. Сястра Марцэліна Мігач распавяла аб вялікай працы, праведзенай, каб паўстаў дадзены адукацыйны праект, і падзякавала ўсім, хто дапамагаў у гэтым, асабліва ксяндзу Віктару і сястры Вікторыі Чэкан.
Завяршылася сустрэча супольнай Эўхарыстыяй.
Водгукі некаторых удзельнікаў:
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі:
“Мае ўражанні, напэўна, самыя пазітыўныя. Узнёслыя думкі, якія бываюць пасля такіх працоўных сустрэч, калі збіраюцца аднадумцы, што ідуць да рэалізацыі плану аднолькава. Заўсёды цяжка распачаць, але справа ўжо пайшла, і мы бачым, што ўдзельнікі падзяліліся вынікамі сваёй працы, якая ўражвае, таму добра, што гэтая ініцыятыва з’явілася і будзе працягвацца.
Гэта сустрэча розных харызмаў, розных манаскіх супольнасцяў – жаночых і мужчынскіх, яна сведчыць аб адзінстве, а таксама спрыяе ўзаемнаму ўзбагачэнню. Мяркуем, што гэтая праца ўзбагаціць наш Касцёл, вернікаў Беларусі”.
Сястра Міхаліна Маркевіч:
“Гэты праект – у першую чаргу супольнасць: людзей, кансэкраваных асобаў, якія жадаюць змяняць сябе, змяняць якасць свайго служэння, шукаюць розныя спосабы, як можна дапамагчы ў Касцёле, што кожная кансэкраваная асоба можа зрабіць, каб яе служэнне і супольнасць Касцёла былі лепшымі. Праект дае веды, якія вучаць быць адказнымі, крэатыўнымі, дапамагаюць шукаць праблемы ў нашай рэчаіснасці і вырашаць іх. Напэўна, ён дае таксама магчымасць супольнай працы, якая павінна прынесці карысць не толькі кожнай кансэкраванай асобе і яе супольнасці, але і Касцёлу на Беларусі і людзям, якім маем гонар і ласку служыць.
Удзельнікі знаходзяць матывацыю для працы ў тым, што бачаць яе вынікі, ведаюць стратэгіі, формы, мысленне, якое дапамагае больш якасна працаваць у гэтай сферы. Выконваючы ў межах праекту хатняе заданне, удзельнік разумее, што яно патрэбна толькі яму і нікому больш, і як ты яго выканаеш – так гэта адлюструецца на тваім жыцці, тваёй працы і рэчаіснасці тваёй супольнасці.
Маем надзею, што наступны год прынясе шмат плёнаў, бо будзе будавацца на тым, што мы ўжо маем, і што рэалізуем усе нашыя праекты. Думаю, што найлепшы плён нашых сустрэч, нашага навучання – тое, што мы захочам быць лепшай версіяй сябе”.
Андрэй Каралёў, кандыдат эканамічных навук, куратар праекту:
“Першы навучальны год паказаў высокую матывацыю кансэкраваных асобаў да засваення новых абшараў ведаў і навыкаў, магчымасць узаемадзеяння паміж рознымі манаскімі супольнасцямі і камандаўтварэння для вырашэння складаных задач. Гэта было прадэманстравана ў прэзентацыі вынікаў працы каманд за першы год”.
Ксёндз Віктар Гайдукевіч, каардынатар праекту:
“Вельмі задаволены тым, што ўбачыў на гэтай працоўнай сустрэчы. Кансэкраваныя асобы вельмі сур’ёзна аднесліся да яе, і гэта прынесла вялікі плён у выглядзе прадстаўлення прамежкавых вынікаў працы. Важным момантам была прысутнасць нашых іерархаў, бо мы, кансэкраваныя асобы, рэалізуем нашыя харызмы, але чынім гэта ў Касцёле.
Ужо сёння бачна, што кансэкраваныя асобы матываваны працягваць працу далей. Гэта дае надзею, што праект прынясе неабходныя плёны ў душпастырстве і прычыніцца да аптымізацыі душпастырства ў вызначаных сектарах.
Хацелася б, каб праект стаў пачаткам якіхсьці пастаянных курсаў, праграм не толькі для кансэкраваных асобаў, але, як падкрэслівалася прысутнымі іерархамі, для ўсяго духавенства нашага Касцёла, а таксама для свецкіх асобаў, якія будуць праяўляць цікавасць да таго ці іншага сектару душпастырства і выкажуць жаданне супрацоўніцтва.
Наконт гэтага ў нас ёсць не толькі мары, але і распрацаваная канкрэтная логіка далейшага развіцця праекту”.
Уладзіслаў Зарэцкі ASC