14 мая салезіянская сям’я Смаргоні ўспамінала св. Дамініка Савіо, выхаванца ксяндза Боско.
Гэтага юнака з араторыя на Вальдокка часта называюць маленькім гігантам духу, таму што ён у маладым узросце дасягнуў значнай ступені духоўнасці і яго ўжо пры жыцці лічылi святым. Дамінік Савіо з’яўляецца апекуном міністрантаў, моладзі і цяжарных жанчын.
Вернікі смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла, у якой служаць салезіяне, ушанавалі Дамініка Савіо на нядзельнай Імшы. Асаблівым момантам літургіі было прыняцце 14 хлопцаў у міністранты. Ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB, які суправаджаў іх падчас фармацыйнай падрыхтоўкі да гэтай падзеі, урачыста надзеў на кожнага комжу і благаславіў на плённае служэнне. Юнакі выказалі перад прысутнымі жаданне служыць Богу і парафіі і прынеслі міністранцкія абяцанні.
Пасля абраду прыняцця ў міністранты адбылося прыняцце ў клуб св. Дамініка Савіо 21 новага члена. Моладзь старэйшай групы аднавіла пастановы, прынесеныя ў мінулым годзе, дзеці з малодшай групы прысягнулі ўпершыню. Абяцанні жыць у сяброўстве з Езусам і Марыяй, сумленна выконваць свае абавязкі, пазбягаць цяжкага граху выканаць зусім не проста, але хлопцы і дзяўчаты ўпэўнены ў сур’ёзнасці сваіх намераў і ў тым, што з радасцю дапамогуць адзін аднаму дайсці да святасці па прыкладу нябеснага заступніка. Члены клуба стараюцца наследаваць прыклад св. Дамініка, будуючы сваё жыццё згодна з рэцэптам святасці: радасць, добразычлівасць i сумленнае выкананне абавязкаў.
Пасля Эўхарыстыі вернікі накіраваліся на Савіо-фэст пры палявым алтары, дзе ўсіх чакаў вялікі сюрпрыз. Дзеці і бацькі маглі пазнаёміцца з рознымі святымі: Дамiнiкам Савіо, Стэфанам Шандорам, Лаўрай Вікуньяй, Альбертам Марвэлі. Дзеці ўдзельнічалі ў гульнях, танцах і супольных забавах.
Вераніка Рогач ASC