9 мая на Імшы ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.
Парафіяне, у тым ліку моладзь, якія прыступілі да сакрамэнту, атрымалі ў ім дары Духа Святога, сталі здольнымі вызнаваць і бараніць веру, жыць паводле яе.
У гаміліі кс. канонік Юрый Марціновіч, сакратар біскупа Гродзенскага, падкрэсліў, што сакрамэнт хрысціянскай сталасці – вялікі дар для кожнага чалавека, калі прымаецца з верай.
Святар заахвоціў тых, хто прыняў гэты сакрамэнт, добра выкарыстаць ласку, атрыманую ў ім ад Уваскрослага Езуса.
На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч сказаў, звяртаючыся да канфірмаваных вернікаў: “На Эўхарыстыі мы прасілі Усемагутнага Бога, каб спаслаў свайго Духа на тых, хто атрымаў сакрамэнт. Дары Духа, якія вы прынялі ў гэтым сакрамэнце, развівайце ў сабе кожны дзень. Няхай Дух зробіць вас здольнымі да мужнага вызнавання веры. Сённяшняму свету патрэбны менавіта такія адважныя людзі, якія кожны дзень будуць даваць сваё хрысціянскае сведчанне”.
Парафіяне, якія прынялі сакрамэнт, падзякавалі за дар Духа Святога Богу, а таксама падзякавалі тым, хто непасрэдна рыхтаваў іх да гэтай падзеі.
Таксама ўсе прысутныя выказалі сардэчныя віншаванні пробашчу парафіі кс. Антонію Абухоўскаму напярэдадні яго 50-гадовага юбілею.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі