Skip to main content

У гродзенскай катэдры духавенства і вернікі павіншавалі біскупа Аляксандра з імянінамі

imeniny bp 413 мая, у дзень імянін біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая Імша ў яго інтэнцыі.

На Эўхарыстыі сабраліся запрошаныя святары, асобы кансэкраванага жыцця і вернікі, молячыся за свайго пастыра. Узначаліў цэлебрацыю Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Арцыбіскуп, звяртаючыся да прысутных, сказаў, што ў гэты дзень яны прыбылі ў святыню, якая з’яўляецца маці ўсіх касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі, з патрэбы сэрца, каб выразіць Богу ўдзячнасць за добрага пастыра, які ўзначальвае Касцёл на Гродзеншчыне з 1991 года.

У гаміліі генеральны вікарый дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, які ў гэты дзень таксама адзначаў імяніны, разважаў пра ролю Маці Божай у жыцці кожнага чалавека.

imeniny bp 27

Святар падкрэсліў, што Марыя ўмее жыць у ценю Сына, заўсёды ставіць Яго на першы план, і ў гэтым Яе валадарства.

На Імшы маліліся таксама ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле і аб дары міру для ўсяго свету і ўсіх народаў.

На заканчэнне літургіі віцэ-канцлер біскупскай курыі ў Гродне кс. канонік Антоні Грэмза ад імя духавенства і сясцёр законных, якія служаць на тэрыторыі дыяцэзіі, выказаў віншаванні біскупу і генеральнаму вікарыю.

Да віншаванняў далучыліся семінарысты, навучэнцы Тэалагічнага каледжа імя св. каралевіча Казіміра i дзеці з катэдральнай парафіі.

imeniny bp 43

Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў усім за прысутнасць, памяць і малітву. Іерарх дадаў, што нястомна дзякуе Богу за кожнага святара, законную сястру і верніка, якія разам утвараюць дыяцэзіяльную сям’ю.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі