1 мая ў парафіі ў Скідзелі (дэканат Гродна-Усход) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Юзафа, рамесніка, апекуна парафіі.
Парафіяльную супольнасць наведаў у гэты дзень біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На ўрачыстай святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў. Сакрамэнт прынялі вернікі гэтай парафіі і яшчэ дзвюх парафій дэканату: Хрыста Валадара Сусвету ў Азёрах і новай парафіі бл. Міхала Сапоцькі ў Абухаве.
Вітаючы біскупа, прэзбітэраў, якія прыбылі на свята, і ўсіх прысутных, пробашч кс. канонік Цэзары Міх адзначыў, што адпустовая ўрачыстасць – заўсёды асаблівы для парафіі дзень, калі думкі і малітвы вернікаў скіраваны да іх апекуна, які шмат гадоў клапоціцца аб іх супольнасці.
У гаміліі кс. канонік Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі, звярнуў увагу, што святы Юзаф – маўклівы святы – атрымаў ад Бога шмат падарункаў і дароў.
Святар падкрэсліў, што і сёння Створца дае кожнаму свае дары і ласкі, ні для каго не шкадуе гэтых дароў, бо ажно сем іх атрымлівае чалавек, прымаючы сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
Завяршэннем адпустовай урачыстасці была эўхарыстычная працэсія вакол святыні, падчас якой вернікі дзякавалі Езусу за прысутнасць сярод іх у Эўхарыстыі.
Біскуп Кашкевіч на заканчэнне заклікаў тых, хто быў у гэты дзень умацаваны дарамі Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, каб яны і далей з адвагай крочылі праз штодзённае жыццё і былі сведкамі Пана ў кожным месцы і ў кожны час.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі