29 красавіка адбылося падарожжа літургічнай службы алтара смаргонскай парафіі св. Яна Паўла ІІ у Мінск.
Міністранты і кандыдаты ў міністранты пачалі дзень са святой Імшы, малітвы аб Божым благаслаўленні на падарожжа, падзякі Пану за магчымасць такога адпачынку.
Яны наведалі скаўт-парк, дзе на працягу дзвюх з паловай гадзін удзельнічалі ў фізічных трэніроўках на вышыні, падобна скалалазам.
Наступным пунктам падарожжа быў касцёл Святога Духа. Ён пабудаваны па праекце, у якім шмат агульнага з праектам касцёла ў Смаргоні, і ўдзельнікам падарожжа было вельмі цікава ўбачыць, як будзе прыкладна выглядаць і іх святыня.
Затым міністранты і кандыдаты ў міністранты пазнаёміліся з тым, як адбываецца падрыхтоўка першага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі, акунуліся ў атмасферу жыцця і фармацыі семінарыстаў. Яны пабывалі ў капліцы, класе, бібліятэцы, жылым пакоі, сталовай, трэнажорным зале. Студэнт семінарыі распавёў ім пра распарадак дня, заняткі, духоўнае жыццё маладых людзей, якія рыхтуюцца стаць святарамі. Таксама ўдзельнікі падарожжа наведалі Цнянскае вадасховішча, якое знаходзіцца зусім недалёка.
Падарожжа яны завяршылі на агляднай пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі