22 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах (Іўеўскі дэканат).
На Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці групе маладых людзей, адпаведным чынам падрыхтаваных да гэтага.
Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі тых, хто ў гэты дзень прымаў дары Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, просячы аб глыбокай веры для іх, а таксама ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці.
Прысутных прывітаў пробашч кс. Дзмітрый Несцер.
Ксёндз канонік Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі, у гаміліі засяродзіў увагу на тым, што Дух Святы, якога чалавек прымае ў канфірмацыі, з’яўляецца найцудоўнейшым дарам Уваскрослага Езуса.
У канцы Эўхарыстыі, звяртаючыся да тых, хто прыступіў да канфірмацыі, біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што Дух Святы дапамагае чалавеку быць вучнем Хрыста Пана, але неабходна выканаць адну ўмову – адкрыць сваё сэрца на дзеянне Божай ласкі.
Таму пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў іх заўсёды быць побач з Езусам, спаўняць Божыя запаведзі, быць здольнымі любіць, прабачаць, служыць Богу і бліжнім.
На заканчэнне ўрачыстасці маладыя парафіяне выказалі словы ўдзячнасці біскупу за ўдзяленне сакрамэнту і свайму душпастыру за іх падрыхтоўку да гэтай важнай падзеі. Таксама яны абавязаліся жыць верай і паступаць згодна з яе прынцыпамі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі