Skip to main content

Дабрачынны велікодны кірмаш прайшоў пры гродзенскім касцёле

kirmasz 1Кожны год пры гродзенскім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці праходзіць дабрачынны велікодны кірмаш у падтрымку анкапацыентаў хоспісаў, арганізаваны фондам “Цэнтр Дапамогі Жыццю”.

Як адзначаюць арганізатары, гэты кірмаш – сапраўдны кругаварот дабра, у якім удзельнічае велізарная колькасць людзей. Сёлета таленавітыя майстры, якія зрабілі прыгожыя цацкі, кандытары, якія прыгатавалі найдзвычай смачныя пернікі і арэшкі, стварылі разам такі яркі і цудоўны кірмаш, што прайсці міма было немагчыма. Вельмі радасна і кранальна было бачыць, як бабуля пасля благаслаўлення велікодных страваў з хваляваннем выбірае пернікі для сваіх унукаў, як дзіця ідзе з касцёла з новай цацкай і ззяе ад шчасця, як кірмаш становіцца магчымасцю купіць падарункі блізкім на Вялікдзень.

Ахвяраванні, сабраныя дзякуючы кірмашу, прыносяць годнасць і камфорт самым слабым і безабаронным людзям, чыё жыццё блізкае да завяршэння. Выніковая сума будзе адлюстравана ў справаздачы за красавік на сайце “Цэнтра Дапамогі Жыццю”.

Арганізатары ўдзячныя вернікам парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай і ўсім, хто спецыяльна прыбыў на кірмаш, каб учыніць добрую справу напярэдадні Вялікадня.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі