У касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, як і кожны год, вялікая колькасць вернікаў пачала літургіяй Пасхальнай вігіліі святкаванне самага важнага свята хрысціянства.
Пасхальная вігілія пачалася літургіяй Святла. Затым пасхал быў урачыста ўнесены ў святыню з патройным радасным воклічам “Святло Хрыста”, на які прысутныя адказвалі: “Дзякуем Пану Богу”.
Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі звярнуў увагу вернікаў на тое, што як Майсей вывеў Выбраны народ з фізічнага рабства, так Езус выбавіў чалавецтва з рабства грахоўнага і адарыў свабодай дзяцей Божых.
Арцыбіскуп адзначыў, што Вялікая пятніца – “гісторыя глумлення хлусні над праўдай, несправядлівасці над справядлівасцю, зла над дабром, і калі б гэта быў канец гісторыі Езуса, то яна была б трагедыяй”, “але гэта не так, бо яна завяршылася happy end’ам – Уваскрасеннем”.
Іерарх падкрэсліў: “Пасха абвяшчае праўду аб тым, што смерць – гэта не завяршэнне чалавечага жыцця, бо ёсць яшчэ адзін новы яго этап – уваскрасенне і вечнае жыццё. Ён паказвае, што праўда нясмяротная. Яе можна замаўчаць, абвінаваціць, асудзіць, забіць і пахаваць у магіле, але на трэці дзень яна ўваскрэсне і ўчыніць нас духоўна свабоднымі, як кажа Хрыстус”.
Уваскрасенне Езуса, па словах арцыбіскупа, “нагадвае, што праўда перамагла хлусню, справядлівасць запанавала над несправядлівасцю, а параза ператварылася ў перамогу”. “Таму мы павінны памятаць аб гэтым і не адмаўляцца ад праўды і справядлівасці, нават калі свет іх не ўспрымае. Праўда заўсёды застаецца праўдай, а справядлівасць – справядлівасцю. Так павінна быць заўсёды, бо без праўды мы будзем заставацца ў тупіку, а без справядлівасці не будзе міру”, – сказаў ён.
“Мы не можам страціць здольнасць маральнага выбару і не адрозніваць дабро ад зла, каб жыць праўдай Уваскрасення, у якой наша надзея. Таму, нягледзячы на ўсе складанасці жыцця ў сучасным свеце і няўпэўненасць у заўтрашнім дні, Касцёл заклікае да духоўнай радасці, бо Хрыстус перамог зло”, – адзначыў іерарх.
Гамілію арцыбіскуп завяршыў малітвай: “Езу, які сваёй пасхальнай таямніцай перамог зло, адары нас пасхальнай радасцю ў гэты складаны час! Дапамажы пераадолець падзелы і непаразуменні! Уваскрасі з магілы граху! Учыні, каб у сучасным свеце як мага хутчэй запанавалі мір, узаемная любоў, дух прабачэння, свабода і справядлівасць! Благаславі нашу Айчыну, зямлю, на якой мы нарадзіліся, з якой выраслі і якую любім! Яна Богам створана для нас і для нашага ўваскрасення, бо ў Табе, Уваскрослы Езу, наша надзея!”
Пасля Імшы пачалася адарацыя Езуса пад знакам хлеба ў імправізаванай грабніцы. Кожны вернік меў магчымасць асабіста паразмаўляць са сваім Збаўцам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі